14 снежня ў Беларусь даставяць Бэтлеемскі агонь міру.
Як паведамляецца на сайце каталіцкіх скаўтаў у Беларусі catholic-scouts.by, некалькі тыдняў таму ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме дзяўчына Пілар запаліла Бэтлеемскі агонь.
Незвычайным фактам з’яўляецца тое, што за ўсю сваю гісторыю, якая налічвае ўжо больш за 35 гадоў, ніколі не здаралася, каб агонь не вырушыў у дарогу — нават у часы пандэміі і ўзброеных канфліктаў.
Традыцыйна аўстрыйская дэлегацыя спецыяльным авіярэйсам дастаўляе Бэтлеемскі агонь у Вену, адкуль ён, дзякуючы скаўтам, трапляе ў іншыя краіны свету. Святло, запаленае ў Бэтлееме, з рук у рукі перадаецца з горада ў горад, з краіны ў краіну. Змяняюцца людзі, якія яго перадаюць, змяняюцца аўтамабілі, якія перавозяць яго, змяняюцца мовы, на якіх размаўляюць асобы, а святло міру ўсё тое ж.
Падарожжа Бэтлеемскага святла па Беларусі традыцыйна распачнецца з галоўнай святыні Гродна — катэдральнай базылікі святога Францішка Ксавэрыя. У пятніцу 15 снежня агонь будзе дастаўлены у мінскую катэдру Найсвяцейшага імя Марыі, а на наступны дзень — у катэдры ў Віцебску і Пінску.
За распаўсюджванне гэтага «святла надзеі» па Беларусі адказны рух каталіцкіх скаўтаў — парафіяльныя групы, якія дзейнічаюць у Гродне, Жодзіне, Івянцы, Мінску і Полацку. Сёлета яны выканаюць сваю місію ў 15-ы раз. Упершыню гэта адбылося ў 2008 годзе, хоць раней акцыю праводзілі ў Беларусі харцэрскія дружыны на Гродзеншчыне і Аб’яднанне Беларускіх Скаўтаў у Мінску.
Бэтлеемскае святло сёлета будзе ўнесена ў больш за 140 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій. Скаўты аб’едуць амаль усю краіну, імкнучыся падзяліцца святлом міру з як мага большай колькасцю людзей. Дзеля гэтага давядзецца праехаць некалькі тысяч кіламетраў.
У гэтай даволі адказнай місіі скаўцкі рух патрабуе малітоўнай падтрымкі, каб Бэтлеемскі агонь дасягнуў кожнага запланаванага пункта на мапе і асвятліў сэрцы вернікаў ў Беларусі.
- Графік эстафеты Бэтлеемскага агню ў парафіях Беларусі прадстаўлены на мапе ТУТ>>>