Пошук

29.11.2023 11:59   Тэкст: а. Юрый Кулай OCD / Фота: з архіву Рэгіянальнага вікарыяту кармэлітаў босых у Беларусі / Catholic.by

26 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, супольнасць кармэлітаў босых і парафію Божага Цела ў Мінску наведаў з братэрскім візітам Генеральны настаяцель Ордэна Братоў Босых Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль айцец Мігель Маркес Калле OCD з Рыма.

Вернікі сталічнай парафіі, у якой нясуць служэнне айцы кармэліты босыя, прывіталі айца Генерала традыцыйнымі хлебам і соллю. Высокі госць скіраваў да прысутных словы прывітання, у якіх адзначыў, што, хоць ён з’яўляецца іспанцам, але сёння сярод усіх сабраных таксама адчувае сябе беларусам. Айцец Мігель узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі і скіраваў да прысутных Божае слова. Манаскі настаяцель засяродзіў увагу на важнасці даверу Богу, часам нават насуперак чалавечай надзеі, прыводзячы ў якасці прыкладу самога Хрыста, Адкупіцеля і Збаўцу, а таксама святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса і святога Яна ад Крыжа. На заканчэнне святой Імшы Рэгіянальны настаяцель кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фраштэнга OCD падзякаваў айцу Генералу за супольную малітву, за візіт у Беларусь і пажадаў плённай працы ў служэнні Касцёлу і Ордэну.

Пасля Эўхарыстыі Генеральны настаяцель правёў братэрскую сустрэчу з мінскай супольнасцю кармэлітаў босых і з членамі свецкага Ордэна, што існуе пры мясцовай манаскай супольнасці.

У сустрэчы з Генералам бралі ўдзел прадстаўнікі з Мінска, Мазыра, Смаргоні і Стоўбцаў. Пазней душпастыры, сёстры Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля, якія служаць у парафіі, а таксама дзеці і моладзь арганізавалі і запрасілі прысутных на баль Усіх Святых. Мэта гэтага балю — пашырэнне сярод вернікаў усведамлення таго, што кожны хрысціянін пакліканы да святасці, а таксама дзяленне радасцю супольнага святкавання. Высокі Госць з Рыма таксама без цырымоній пераапрануўся на баль у касцюм свайго нябеснага апекуна — святога Арханёла Міхала. Удзельнікі балю зрабілі прэзентацыю сваіх святых, чые вобразы прадставілі на гэтым мерапрыемстве. Святкаванне суправаджалася спевамі, танцамі і салодкім сталом, падрыхтаваным бацькамі ўдзельнікаў.

Увечары Генеральны настаяцель кармэлітаў босых у будынку Курыі сустрэўся з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.

Абноўлена 29.11.2023 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.