Пошук

13.11.2023 11:11   Паводле: Catholicnews.by / Фота: с. Марыя Шамовіч BDNP, кс. Віктар Місевіч / Catholicnews.by

12 лістапада, ва ўрачыстасць святога Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, Апекуна Віцебскай дыяцэзіі, у Віцебску адзначылі 400-ю гадавіну яго мучаніцкай смерці.

Як адзначаецца на сайце Catholicnews.by, у гэты дзень у віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага сабралося шмат вернікаў на чале з пастырам самай маладой дыяцэзіі ў Беларусі біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам. Сярод прысутных былі таксама ўдзельнікі літаратурна-мастацкага конкурсу, прысвечанага важнай для дыяцэзіі і ўсяго Касцёла на Беларусі гадавіне.

Напачатку адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Буткевіч.

Пасля Эўхарыстыі парафіяне і госці скіраваліся ў парафіяльную кавярню, былі выстаўлены конкурсныя працы, прысвечаныя святому біскупу Язафату Кунцэвічу. Чатыры дзясяткі выкананых у розных тэхніках малюнкаў былі дасланыя на конкурс з розных куткоў Віцебскай дыяцэзіі, а таксама з Мінска. Найстарэйшы ўдзельнік у катэгорыі «малюнак» мае 64 гады, а наймалодшы — 7 гадоў.

Кампетэнтнае журы вылучыла пераможцаў.

Адзіным удзельнікам і пераможцам у катэгорыі малюнак сярод дарослых стала Ала Дземідовіч з Дзеркаўшчыны.

Сярод малодшых (6–12 гадоў) першае месца занялі Любоў Несцяронак з Докшыцаў, Сафія Баран з Мёраў і Ангеліна Стрэльская з Мінска. Другое месца падзялілі Паліна Фралова з Паставаў (парафія Езуса Міласэрнага), Насця Бярдоўская з Віцебска (катэдра) і Кацярына Марозава з Віцебска (парафія Святога Уладзіслава). На трэцім месцы размясціліся Ева Сафіна і Арына Лагун з Віцебска (катэдра), а таксама Святлана Шылёнак з Канстанцінава.

Ва ўзроставай катэгорыі 13–17 гадоў было прадстаўлена сем прац. Першае месца заняла Аліка Будкевіч з Віцебска (парафія святога Уладзіслава), другое — Тадэвуш Урбель з Віцебска (катэдра), а трэцяе — Ганна Пяткевіч з Мёраў.

Літаратурных твораў было менш, але журы мела больш клопату з вылучэннем найлепшых прац на прызавыя месцы.

Сярод самых малодшых — Сцяпан Серабро з Віцебска (парафія святой Барбары), які напісаў твор «Сабака святога Язафата», а браты Артур і Аркадзь Рабкоўскія з Глыбокага падрыхтавалі біяграфію святога з ілюстрацыяй. Яны атрымалі дыпломы першай ступені. Паводле журы, «творы настолькі прыгожыя і розныя, што нельга іх не ацаніць і не даць першыя месцы». Крысціне Бараўко з катэдры з Віцебска і Мацвею Скукоўскаму з Мосара таксама журы прысудзіла першае месца ў іх узроставай катэгорыі.

Сярод дарослых, якія прадставілі свае творы, першае месца заняў Сяргей Раюнец з Мінска за свой твор — песню «Пахвала святому Язафату».

Другое месца заняла Яна Барысевіч з Глыбокага. Яе твор «(Не)вядомы заступнік» журы ацаніла як «сапраўдны літаратурны твор, а не кампіляцыю энцыклапедычных звестак». Трэцяе месца заняў твор «Гімн у гонар святога Язафата Кунцэвіча», аўтарам якога з’яўляецца Алена Татун з Канстанцінава.

Сярод удзельнікаў конкурсу быў асабліва адзначаны нарыс Ціграна Латышава з Удзела «Кім для мяне з’яўляецца асоба святога Язафата Кунцэвіча?».

Спонсарамі літаратурна-мастацкага конкурсу былі Віцебская дыяцэзія ў асобе біскупа Алега Буткевіча і Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Беларусь у асобе яго дырэктара ксяндза каноніка Андрэя Аніскевіча.

Дзякуючы іх падтрымцы пераможцы і ўдзельнікі атрымалі падарункі.

Для ўсіх прысутных вернікі катэдральнай парафіі прыгатавалі смачны пачастунак.

 

Абноўлена 13.11.2023 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця