Пошук

18.01.2017 00:00   Ілья Лапато / Catholic.by

Яго прыклад пацвярджае: пачынаць новае ніколі не позна. Каб засвоіць арган, ён паступіў у Акадэмію музыкі ў 53 (!) гады. Гісторыяй свайго незвычайнага хобі ў гутарцы з Catholic.by дзеліцца адзін са стваральнікаў партала TUT.BY Юрый Зісер.

«Я зразумеў, што хачу большага, і купіў вучэбны арган»

«Калісьці я ўсур’ёз задумваўся над прафесіяй урача, але паступаць у медыцынскі тады так і не адважыўся. Скончыў універсітэт у Санкт-Пецярбургу па спецыяльнасці біямедыцынская кібернетыка і ўсё жыццё займаюся камп’ютарным праграмаваннем», — прызнаецца Юрый Зісер.

«Любоў да музыкі мне прывілі бацькі: мама была прафесійным музыкантам, тата — аматар. У дзяцінстве я крыху займаўся на піяніна, але заўсёды цікавіўся арганнай музыкай, асабліва Бахам.

Юрый Зісер усё жыццё займаецца праграмаваннем. Адзін з найбольш паспяховых яго праектаў — партал TUT.BY

У 36 гадоў я зразумеў, што хачу большага, і ўсяго толькі слухаць музыку мне мала. Так я пачаў спрабаваць іграць па нотах усе творы Баха. Але арганныя творы на фартэпіяна паўнавартасна выканаць немагчыма, таму я купіў вучэбны электронны арган з 30 рэгістрамі, двума мануаламі і педаллю і пачаў вучыцца іграць на ім самастойна...»

Аднак нават сёння, як жартуе сам выканаўца, калі ён дома іграе «па нотах усе творы Баха», яго жонка шчыльна закрывае ўсе дзверы ў іх кватэры.

«Мая ігра недасканалая, я не прафесіянал, — усміхаецца Зісер. — Калі ж я штосьці рэпецірую, то, як правіла, гэта доўжыцца не адзін дзень. Хто ж у стане слухаць адно і тое ж шмат дзён запар па некалькі разоў!».

«Музыка не будзе гучаць, пакуль не зразумееш, пра што яна»

Арганную музыку Юрый Зісер называе сваім хобі. Як, дарэчы, і ігру на клавесіне, падарожжы і захапленне джазам.

Аднак якраз музыка ў адзін момант стала для яго чымсьці большым. Пазнаёміўшыся з энтузіястам арганаў Аляксандрам Бурдзелевым, праграміст у 53 гады вырашыў паступіць у Беларускую акадэмію музыкі, каб авалодаць арганам ужо прафесійна.

«Пакуль ты не зразумеў, пра што музыка — яна не гучыць, бо не нясе сэнсу і эмацыйнага зместу. Баха ці Свелінка не атрымаецца сесці і адтарабаніць па нотах, як Чайкоўскага ці Бетховена. Для выканання такой музыкі трэба разумець, пра што яна», — разважае Зісер.
Праграміст адзначае, што паралельна з музыкай ў Акадэміі яму давялося падцягваць веды і ў галіне хрысціянства.


На фота: Разам з аднадумцамі Юрый Зісер выступае ў складзе калектыва ORGANUM

«Без хрысціянства немагчыма зразумець гісторыю ўвогуле і старажытную музыку ў прыватнасці. Старажытныя арганныя творы скрозь пра Божае Нараджэнне, Адвэнт, Вялікдзень, Унебаўшэсце, Святую Тройцу і іншыя падзеі, адлюстраваныя ў Бібліі.

Напрыклад, харальная апрацоўка Баха “О, чалавек, аплаквай свой цяжкі грэх”: у ёй паслядоўна расказваецца пра шлях Езуса на Галготу. Вось Ён ідзе, вось спатыкаецца, вось падае, а вось Яго высока падымаюць на крыжы. Усё гэта адлюстравана ў музыцы Баха, і ўсё гэта павінен адлюстраваць у сваёй ігры арганіст. Такі ж падыход і да сучаснай арганнай музыкі».

У адказ пра веру ў Бога, Юрый Зісер называе сябе «экуменістам, для якога Бог існуе, аднак не належыць да ніводнай з рэлігій».

«Я нарадзіўся і вырас у Львове, дзе ў касцёле размяшчалася арганная канцэртная зала. Там выступалі гастралёры з усяго свету. З дзяцінства я стараўся паслухаць там усіх арганістаў і ўсе творы, якія толькі можна было пачуць.

У Мінску я часам заходжу ў архікатэдральны касцёл на пл. Свабоды.  Прыходжу туды ў імкненні цішыні адпачыць ад гарадской мітусні, падумаць. А яшчэ там выдатны арган і прыязджаюць добрыя музыкі...».



«Я проста іду за сваім захапленнем і аддаюся яму»

У гэта цяжка паверыць, але Юрый Зісер ніколі ў жыцці не ставіў сабе ніякіх мэтаў.  Прынамсі, так сцвяржае ён сам: проста трымаўся свайго захаплення і аддаваўся яму на поўню.

«Усё жыццё я займаюся чымсьці не таму, што паставіў мэту, а таму, што не мог не займацца, — адзначае праграміст. — Калі шчыра, ніколі ні ў чым я не не ставіў сабе ніякіх мэтаў. Хутчэй наадварот, мае мэты несвядома самі фарміраваліся ўнутры мяне і вялі мяне за сабой. Так выйшла і з ігрой на аргане: я проста пайшоў за сваім захапленнем».

Падрыхтаваў Ілья Лапато, фота з архіва Ю. Зісера

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.