Пошук

13.10.2023 08:50   Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by / Catholic.by
Фота: ave-maria.by

Коратка знаёмім з кастрычніцкім нумарам часопіса «Ave Maria», многія матэрыялы якога прысвечаны знакавым падзеям і датам у жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ў свеце, якія адзначаліся ў апошні час.

Як паведамляецца ў аглядзе, апублікаваным на інтэрнэт-старонцы выдання ave-maria.by, з нагоды гістарычных юбілеяў заснавання Мінскай дыяцэзіі (225-годдзе) і Магілёўскай архідыяцэзіі (240-годдзе) у часопісе публікуецца ўрывак з паслання Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага: «Гістарычныя падзеі».

Ксёндз Кірыл Бардонаў у артыкуле «Аддаць сваё жыццё за іншых» распавядае пра трагічны лёс сям’і Юзафа і Вікторыі Ульмаў, іх ахвярнасць і адкрытасць на бяду бліжняга. Нагадаем, што беатыфікацыя сужэнцаў і іх сямёх дзяцей адбылася 10 верасня ў вёсцы Маркова ў Польшчы.

Вялікі блок матэрыялаў у кастрычніцкім нумары часопіса прысвечаны святой Тэрэзе ад Дзіцяткі Езуса: сёлета ў Касцёле адзначаецца 150-годдзе з дня яе нараджэння.

Айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы» разважае пра тое, якім чынам маладая французская манахіня сваім простым жыццём і любоўю да Бога і людзей захапіла ўвесь свет, а таксама пра тое, як пагадзіць праўду пра Божую справядлівасць з морам няшчасцяў на зямлі («Найвялікшая святая сучаснасці»). Пра жыццёвы шлях і духоўнасць святой Тэрэзы распавядае айцец Андрэй Авен OCD у артыкуле «„Малая дарога“ вялікай святой», а сястра М. Магдаліна Кулай, кармэлітка Дзіцяткі Езуса, дзеліцца сведчаннем пра сваё пакліканне: «Маё знаёмства са святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса і Найсвяцейшага Аблічча».

Акурат дзесяць гадоў таму ў Беларусі адбывалася перэгрынацыя рэліквій святой Тэрэзы. Пра плён гэтай вялікай духоўнай акцыі, а таксама пра яе арганізацыю ўспамінае айцец Пётр Фраштэнга OCD у артыкуле «Сястра Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса і Найсвяцейшага Аблічча была са мною, быццам жывая…»

Свецкія вернікі таксама дзеляцца ў часопісе сваім перажываннем духоўнага сяброўства са святой Тэрэзай, а паэтка Данута Бічэль прапануе верш, прысвечаны ёй.

Чытачоў чакаюць таксама іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Святар адказвае на пытанне», «Сведчанне», «Старонка псіхолага», у матэрыялах нашых пастаянных аўтараў ксяндза Андрэя Рылкі, сястры Паўлы Бобэр MSF, Ірыны Жарнасек, Галіны Калевіч, Віктара Ведзеня і іншых.

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця