Пошук

10.10.2023 09:57   Тэкст: Святлана Шумская / Фота: Таццяна Дуенкава / Catholic.by

7 кастрычніка, ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай, у Магілёве адбыўся VII Ружанцовы кангрэс, прысвечаны 240-годдзю Магілёўскай архідыяцэзіі, у якую ўвайшлі ўсе католікі лацінскага абраду на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі.

З гэтай нагоды ўдзел у сёлетнім кангрэсе ўзялі высокія госці: Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары і вернікі з розных мясцін Беларусі. Сімвалічна было і тое, што святкаванне 240-годдзя з часу заснавання Магілёўскай архідыяцэзіі сабрала акурат каля 240 ўдзельнікаў.

Ружанцовы кангрэс, арганізаваны айцамі дамініканамі, якія нясуць служэнне ў Магіілёве, сёлета быў прысвечаны тэме: «Марыя і Ружанец у дамінмканскай школе малітвы».

Кангрэс распачаўся з даклада арцыбіскупа Кандрусевіча «Мітрапаліт Сестранцэвіч-Богуш і ўстанаўленне Магілёўскай мітраполіі». Прывітаўшы ўдзельнікаў, заслужаны іерарх звярнуў увагу на тое, што заснаванне Магілёўскай архідэяцэзіі стала пачаткам упарадкавання кананічных структур Каталіцкага Касцёла ў Расійскай імперыі, дало новы імпульс для яго развіцця, зрабіла вялікі прарыў у атрыманні юрыдычнага статусу Каталіцкага Касцёла на неабсяжных прасторах вялізнай дзяржавы. Арцыпастыр адзначыў асаблівую ролю ў гэтым працэсе Папы Пія VI, Апостальскага нунцыя ў Варшаве Джаванні Аркэцці, расійскай імператрыцы Кацярыны II і першага арцыбіскупа Магілёўскага Станіслава Богуша-Сестранцэвіча, адносна асобы і дзейнасці якога ў гісторыі існуюць разнастайныя і часам супярэчлівыя меркаванні.

Акрамя таго, на кангрэсе прагучалі яшчэ тры даклады. Ксёндз канонік Ігар Лашук у сваім паведамленні, прысвечаным Слузе Божаму айцу Фабіяну Малішоўскаму ОР, распавёў пра цуды праз заступніцтва гэтага руплівага дамініканіна, якія адбываліся ў Стоўбцах, асабліва пра шматлікія занатаваныя ў гістарычных дакументах аздараўленні. Святар таксама падзяліўся амаль дэтэктыўнай гісторыяй пра тое, як у наш час шукалі, знайшлі, праводзілі экспертызу і змясцілі ў новазбудаваным стаўбцоўскім касцёле парэшткі Слугі Божага.

Даклад Крыстыны Лялько, галоўнага рэдактара каталіцкіх часопісаў «Наша Вера» і «Ave Maria», быў прысвечаны складанаму лёсу П’ера-Джорджо Фрасаці — юнака, які свае кароткае 25-гадовае жыццё прысвяціў служенню беднаму Божаму люду, нават нягледзячы на тое, што яго імкненне да манаскага жыцця выклікала пратэст яго сям’і і, найперш, роднай маці.

Айцец Юрый Саковіч з манаскага ордэна святога Паўла, першага пустэльніка, свой даклад прысвяціў Ружы Лімскай ОР — першай святой з Лацінскай Амерыкі, якую асаблівым чынам ушаноўваюць у Карэлічах, што ў Гродзенскай дыяцэзіі (Навагрудскі дэканат), а таксама цудам, што здзяйсняюцца праз заступніцтва гэтай святой, якая асабліва дапамагае сем’ям жыць у згодзе.

Апоўдні ўдзельнікі кангрэса з’ядналіся на супольнай малітве «Анёл Панскі» з Папам Францішкам у яго кастрычніцкай малітоўнай інтэнцыі за Сінод Біскупаў, Генеральная асамблея якога праходзіць цяпер у Рыме.

Увечары адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч. Вітаючы прысутных, прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне перадусім адзначыў, што заснаванне Магілёўскай архідыяцэзіі стала важнай для мясцовага Касцёла падзеяй, з якой пачалася новая арганізацыя каталіцкіх структур у Расійскай імперыі.

«Папа Пій VI, падштурхнуты неабходнасцю пастырскай апекі над велізарнай тэрыторыяй, сваім брэвэ (пасланнем) Onerosa pastoralis officii cura — «Цяжкі пастырскі клопат» — 15 красавіка 1783 года афіцыйна заснаваў у гэтым горадзе новую мітраполію для ўсіх вернікаў лацінскага абраду ў імперыі. Усе іншыя касцёльныя структуры, якія існавалі на згаданай вялізнай тэрыторыі, тады былі далучаны да новай Магілёўскай архідыяцэзіі», — нагадаў ватыканскі дыпламат.

«Дарагія браты і сёстры, адзначаючы сёння 240-годдзе першай каталіцкай архідыяцэзіі ў Магілёве, мы дзякуем Пану Богу за Каталіцкі Касцёл у Беларусі, успамінаючы ўсіх біскупаў, святароў, манахаў і манахінь, свецкіх вернікаў, якія аддалі сваё жыццё справе развіцця беларускага Касцёла.

Абапіраючыся на іх вопыт і руплівасць, мы таксама абяцаем Богу нашу вернасць, нашу адданасць і працяг нашай касцёльнай місіі для будавання Валадарства Нябеснага ў Беларусі», — сказаў Апостальскі нунцый.

Ён заахвоціў удзельнікаў асаблівым чынам маліцца за Святога Айца Папу Францішка і за Сінод Біскупаў Рыме, у якім бярэ ўдзел адказны за Магілёўскі рэгіён біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі, засяродзіўшыяся ў ёй на дзвюх тэмах: Ружанцы і гісторыя архідыяцэзыі.

На заканчэнне святой Імшы прадстаўнікі ўсіх парафій Магілёўскага рэгіёна атрымалі ганаровыя граматы з рук арцыбіскупа Юзафа Станеўскага за ўнёсак у развіццё гэтай часткі архідыяцэзіі.

Апостольскі нунцый перадаў арцыбіскупу Станеўскаму ружанец ад Папы Францішка як знак еднасці Святога Айца з мясцовым Касцёлам.

Арганізатары выказваюць удзячнасць усім, хто маліўся ў інтэнцыі кангрэса і падтрымліваў яго падрыхтоўку і правядзенне.

Абноўлена 10.10.2023 10:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.