З 2 па 6 кастрычніка ў доме Найсвяцейшай Тройцы пры кляштары айцоў вербістаў у Баранавічах (Пінская дыяцэзія) законнікі Рэгіянальнага Вікарыяту кармэлітаў босых у Беларусі перажывалі свае манаскія рэкалекцыі.
Гэта была цудоўная нагода для членаў усіх кармэліцкіх супольнасцяў Беларусі адкласці на час свае штодзённыя справы і абавязкі, каб занурыцца ў атмасферу цішыні, малітвы і разважання.
Рэкалекцыі для сабратоў правёў айцец Крыштаф Вэсалоўскі OCD, дасведчаны духоўны кіраўнік і душпастыр. Рэкалекцыяніст падчас абвяшчэння гамілій і канфэрэнцый грунтаваўся на Святым Пісанні, а таксама на Апостальскім лісце святога Яна Паўла ІІ Novo millennio ineunte, скіраваным да біскупаў, духавенства і свецкіх вернікаў на заканчэнне Вялікага Юбілею 2000 года. Гэты ліст акрэслівае прыярытэты для Каталіцкага Касцёла на трэцяе тысячагоддзе і на далейшую будучыню. Такім чынам, гэта дакумент для ўсяго Касцёла.
Падчас духоўных практыкаванняў святар закрануў у разважаннях тэмы веры, святасці, радасці ад жыцця Добрай Навіной, якой з’яўляецца Евангелле. Закрануў ён таксама тэмы малітвы, сакрамэнту паяднання і Эўхарыстыі, выкарыстоўваючы духоўную спадчыну святых Кармэля і Паўсюднага Касцёла.
Сінтэзам рэкалекцыйных разважанняў можа стаць своеасаблівы сімвалічны ланцужок заданняў на шляху да з’яднання з Богам: пазнаваць — любіць — наследаваць.
Браты падчас гэтых рэкалекцый не толькі разам цэлебравалі Эўхарыстыю, Літургію гадзінаў, засяроджваліся ў медытацыі і слухалі глыбокія духоўныя канферэнцыі. Быў час на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама на асабістыя сустрэчы і інтэграцыю падчас пасілкаў, на братэрскае прабыванне разам пры філіжанцы кавы. Такія нагоды заўсёды спрыяюць узаемнаму духоўнаму ўзбагачэнню і пакідаюць у сэрцы пачуццё радасці ад сустрэчы.
Пасля духоўнага падмацавання кармэліты босыя вярнуліся ў свае кляштары і парафіі Беларусі з напоўненым «заплечнікам» духоўнасці кармэліцкай харызмы, каб з новым запалам і руплівасцю абвяшчаць Евангелле Хрыста.