Пошук

25.09.2023 07:00   Фота: з архіву кс. Віталія Бурко / Catholic.by

20 верасня ксёндз Віталій Бурко з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі абараніў доктарскую дысертацыю ў Апольскім універсітэце ў Польшчы.

Доктарская дысертацыя на тэму «Экуменізм у Беларусі пасля Другога Ватыканскага Сабору» была абаронена на кафедры фундаментальнай тэалогіі, дагматыкі і экуменізму Інстытута тэалагічных навук Апольскага ўніверсітэта (Польшча).

Асноўнай мэтай доктарскай дысертацыі было выяўленне і аналіз найважнейшых фактараў экуменічнага руху ў Беларусі пасля Другога Ватыканскага Сабору і іх уплыў на рэлігійную свядомасць сучаснага грамадства.

У працы было адзначана, што міжканфесійная роля сучаснага экуменічнага руху ў Беларусі пашыраецца шляхам арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў у пошуках узаемасувязі з Цэрквамі розных літургічных традыцый з намерам аднавіць поўнае бачнае адзінства падзеленых Цэркваў. Аўтар прыходзіць да высновы, што на шляху экуменізму немагчыма абмежавацца толькі малітвай ці экуменічным дыялогам, а наадварот, неабходна развіваць усе магчымыя шляхі супрацоўніцтва, бо еднасць дзеянняў вядзе да поўнай еднасці веры.

Праца складаецца з пяці раздзелаў, якія паступова пераходзяць ад гістарычнага фону разгледжанай тэмы праз аналіз сучасных экуменічных структур да абмеркавання асноўных аспектаў практычных формаў экуменічнай дзейнасці ў Беларусі.

Мадэратарам доктарскай працы быў ксёндз прафесар Зігфрыд Глезэр, навуковы супрацоўнік Інстытута тэалагічных навук тэалагічнага факультэта Апольскага ўніверсітэта, загадчык кафедры фундаментальнай, дагматычнай тэалогіі і экуменізму, дырэктар Інстытута даследаванняў папскага вучэння пры Цэнтры культуры і навукі факультэта теалогіі ў Камені-Слёнскім.

Цэнзарамі выступілі ксёндз прафесар Тадэвуш Калужны, сэрцанін, супрацоўнік Інстытута фундаментальнай тэалогіі, экуменіі і дыялогу тэалагічнага факультэта Папскага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ у Кракаве, выкладчык дагматычнай тэалогіі і экуменізму ў Вышэйшай місіянерскай семінарыі ксяндзоў Найсвяцейшага Сэрца ў Стадніках каля Кракава; Кансультант Рады Канферэнцыі Епіскапату Польшчы па справах экуменізму і прафесар Пётр Копец, акадэмічны выкладчык тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ, спецыяліст у галіне экуменізму, сацыялогіі сям’і і экуменічнай тэалогіі.

Ксёндз Віталій Бурко нарадзіўся 24 красавіка 1980 годзе ў вёсцы Вярэбушкі (Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць).

Скончыў ардашынскую сярэднюю школу ў 1997 годзе. У тым жа годзе далучыўся да салезіянскага таварыства ў Маскве.

У 1998–2000 гадах вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу.

У 2001–2005 гадах вучыўся ў Мінску ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, пасля заканчэння якога атрымаў ступень магістра тэалогіі.

У 2008–2012 гадах вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Ломжы.

У 2011 годзе атрымаў дыяканскае пасвячэнне ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску.

16 чэрвеня 2012 годзе з рук тагачаснага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

Пасля пасвячэння быў скіраваны вікарыем у парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве.

У 2013–2015 гадах служыў вікарыем у архікатэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску. Адначасова быў сакратаром у Мінска-Магілёўскай Мітрапалітальнай Курыі.

З 2015 года навучаўся ў аспірантуры Апольскага ўніверсітэта (Польшча).

У 2015–2022 гадах быў рэзідэнтам у парафіі Перамянення Пана ў Аполі.

З 2022 года — рэзідэнт у парафіі святога Антонія ў Здзешавіцах.

Абноўлена 25.09.2023 08:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця