24 верасня ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе ксёндз Андрэй Юхнік цэлебраваў сваю першую святую Імшу. За дзень да гэтага з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.
У суботу 23 верасня у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату дыякану Андрэю Юхніку.
Падчас гаміліі пастыр дыяцэзіі разважаў пра святарскую годнасць.
Іерарх падкрэсліў, што прынятае пасвячэнне абавязвае нястомна спаўняць задачу служэння як настаўнік у веры, святар і пастыр.
Кандыдата да пасвячэння біскуп заахвоціў старацца ў моцы Духа Святога «злучаць вернікаў у адну сям’ю».
«Заўсёды май перад вачыма прыклад Добрага Пастыра, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб служыць, а таксама шукаць і збаўляць тое, што загінула»,
— дадаў іерарх.
Прыміцыя маладога святара распачалася ў яго родным доме. Ксёндз Андрэй атрымаў бацькоўскае благаслаўленне, пасля чаго святары, семінарысты, родныя, сябры і парафіяне правялі яго да алтара пад спеў «Barka» — любімую песню святога Яна Паўла ІІ, у якой спяваецца пра пакліканне.
Малады святар урачыста ўвайшоў у святыню ў суправаджэнні дзяўчат у белых сукенках, якія трымалі дубовы вянок.
У святочны дзень у касцёле не было вольнага месца. Вялікая колькасць парафіянаў і прыезджых вернікаў сабралася, каб памаліцца за новога святара.
Таксама ў гэты дзень адзначаў імяніны пробашч парафіі Святой Сям’і ксёндз Руслан Мазан.
Напачатку святой Імшы ксёндз Андрэй Юхнік агучыў уласную інтэнцыю: падзяка Пану Богу за дар паклікання, а таксама за людзей, якія дапамаглі ў яго распазнанні.
Падчас гаміліі да вернікаў звярнуйся пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, Біскупскі вікарый для Лідскага рэгіёна Гродзенскай дцыяцэзіі.
Ён распавёў прысутным пра сэнс сакрамэнту пасвячэння, падчас якога асоба «пазначаецца незвычайнай пячаткай і атрымлівае паўнамоцтвы, якія бясконца пераўзыходзяць усе натуральныя здольнасці чалавека».
«У святары мы бачым чалавека, але рэчаіснасць — гэта Езус, які дзейнічае праз яго, які прамаўляе праз яго вусны, праз яго сэрца»,
— нагадаў душпастыр.
Ксёндз Уладзімір памаліўся праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі аб захаванні святарскай годнасці для новага прэзбітэра і пажадаў ксяндзу Андрэю заўсёды годна выконваць даручаныя яму абавязкі.
«Нішто не прамаўляе так моцна да людзей, чым служэнне з любоўю і асабістае сведчанне жыцця святара… Мы жывем у часы, калі верай злоўжываюць як па-за Касцёлам, так і ўнутры яго.
Таму тваім самым галоўным абавязкам, дарагі ксёндз Андрэй, з’яўляецца абавязак самому быць чалавекам моцнай веры. Як Езус ахвяраваў сваё жыццё за збаўленне людзей, так і святар павінен весці усіх да Бога Айца»,
— настаўляў ксёндз Уладзімір.
Напрыканцы літургіі ксёндз Андрэй падзякаваў людзям, якія дапамагалі яму на шляху да святарства. Асобна святар узгадаў тых, хто падтрымліваў яго, але не дачакаўся пасвячэння: памерлых дзядулю і бабулю, а таксама былога пробашча парафіі Святой Сям’і ксяндза каноніка Юзафа Ганьчыца, які адыйшоў у вечнасць у 2020 годзе.
«Вы не ўяўляеце, якое гэта багацце для семінарыста, для святара, калі ён разумее, што ён на гэтай дарозе не адзін. Што разам з ім за яго моляцца яго блізкія»,
— выказаў падзяку прыміцыянт.
Пасля святой Імшы ксёндз Андрэй удзяліў благаслаўленне прысутным святарам, кансэкраваным асобам, родным і блізкім, а таксама ўсім вернікам. Традыцыйна прысутным раздалі невялічкія памятныя абразкі. На памятках, якія атрымалі вернікі у Лідзе — выява святога апостала Андрэя, нябеснага заступніка маладога святара.
Ксёндз Андрэй Юхнік нарадзіўся 13 верасня 1998 года ў Лідзе, паходзіць з лідскай парафіі Святой Сям’і.
Ва ўзросце 17-і гадоў паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродна.
3 верасня 2022 года біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя ў Гродне ўдзяліў яму дыяканскае пасвячэнне.
Aпошні год семінарыйнай вучобы і фармацыі ксёндз Андрэй правёў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Элку (Польшчa).