Пошук

19.10.2020 08:08   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Grodnensis.by

16 кастрычніка у парафіі Святой Сям’і ў Лідзе развіталіся з ксяндзом канонікам Юзафам Ганьчыцам, які 24 гады быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці — з самага пачатку яе існавання.

Як перадае партал Grodnensis.by, у святыні, пабудаванай намаганнямі руплівага душпастыра, развітацца з ім сабраліся шматлікія святары, сёстры законныя і вернікі, якім з вялікай адданасцю служыў ксёндз Юзаф.

Узначаліў развітальныя абрады і пахавальную святую Імшу Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, які вучыўся са спачылым на адным курсе ў духоўнай семінарыі, разам з ім прыняў святарскае пасвячэння i ведаў яго на працягу 30 гадоў.

Ушанаваць памяць заўчасна памерлага святара і памаліцца аб вечным жыцці для яго прыбылі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У пахаванні таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы з Ліды.

У прамоўленым Божым слове біскуп Юзаф Станеўскі падкрэсліў, што ў сваім святарскім служэнні ксёндз Юзаф быў уважлівым да кожнага чалавека і яго духоўных патрэб.

Ён не толькі клапаціўся пра будаўніцтва касцёла ў адным з новых мікрараёнаў Ліды — вялікага горада з пераважна каталіцкім насельніцтвам, але перадусім будаваў жывую супольнасць Касцёла, якая складаецца з чалавечых сэрцаў. Біскуп заўважыў, што святар з усімі знаходзіў агульную мову: з дзецьмі, моладдзю, міністрантамі, сем’ямі і такім чынам вёў усіх даручаных яго пастырскай апецы людзей да Бога.

Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што сям’я была ў цэнтры святарскага служэння ксяндза Юзафа Ганьчыца.

Таму шмат часу святар прысвячаў служэнню сем’ям, аказанню ім дапамогі словам, добрымі парадамі і канкрэтныя ўчынкі хрысціянскай любові.

На заканчэнне Імшы было прамоўлена шмат добрых словаў пра спачылага. Слова ад біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, які не мог асабіста прысутнічаць на пахаванні, прачытаў Біскупскі вікарый Гродзенскага рэгіёна ксёндз канонік Ян Кучынскі.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, у прыватнасці, зазначыў, што ксёндз Юзаф «пакінуў у нашых сэрцах вобраз душпастыра, які клапоціцца пра збаўленне даручаных яму парафіянаў; заўсёды даступнага, поўнага айцоўскай дабрыні, які ўмеў знайсці для кожнага крыху часу, слова, якое падбадзёрвае, добрую ўсмешку».

Біскуп Юрый Касабуцкі перадаў родным памерлага і вялікай парафіяльнай сям’і спачуванні ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які знаходзіцца ў выгнанні і не можа вярнуцца па незалежных ад яго прычынах.

Акрамя таго, прагучалі словы ад Генеральнай настаяцельніцы Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай, законніцкай супольнасці, сёстры з якой шмат гадоў супрацоўнічаюць з лідскай парафіяй Святой Сям’і, і ад Дзяржаўнага сакратара канцылярыі Прэзідэнта Польшчы Адама Квяткоўскага, якое зачытаў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне.

Ксёндз Юзаф Ганьчыц быў пахаваны пры касцёле, які з вялікай руплівасцю ўзводзіў на хвалу Богу і на карысць вернаму народу, каб жыхары маладога лідскага мікрараёна мелі побач са сваім жыллём дом Божы, куды могуць прыходзіць цэлымі сем’ямі.

Можна з упэўненасцю сказаць, што руплівы душпастыр пакінуў на зямлі прыгожы след і светлую памяць, і ўдзячныя вернікі не забудуцца пра яго ў сваіх малітвах.

***

Ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц нарадзіўся 3 ліпеня 1960 г. Паходзіў з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата ў Сапоцкіне.

Атрымаў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату 17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў катэдры св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне. Разам з біскупам Юзафам Станеўскім быў адным з першых выпускнікоў заснаванай арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Пасля пасвячэння быў прызначаны вікарыем парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах.

З 10 ліпеня 1996 г. да смерці быў пробашчам новаўтворанай парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Яго намаганнямі ў мікрараёне была пабудавана парафіяльная святыня.

За час яго служэння ў лідскай парафіі Святой Сям’і быў створаны шэраг малітоўных груп. Шмат увагі і часу ён прысвячаў выхаванню дзяцей і моладзі, працы з сем’ямі. Пры парафіі актыўна дзейнічае каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць Gloriosa Trinitas, духоўным кіраўніком якой быў кс. Юзаф.

Сёлета кс. Юзаф Ганьчыц адзначыў 60-годдзе з дня нараджэння і 25-годдзе прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.

Адышоў у вечнасць 13 кастрычніка ў лідскай бальніцы з-за ўскладненняў, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй.

Абноўлена 19.10.2020 12:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа