![](/3/images/news/2023/09/16322/2023-09-21-Michal.jpg)
20 верасня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія, Браслаўскі дэканат) адбыўся абрад благаслаўлення абраза святога Арханёла Міхала.
У межах душпастырскай сустрэчы святароў Віцебскай дыяцэзіі друйскую святыню наведаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У прысутнасці прадстаўнікоў трох дэканатаў — Браслаўскага, Мёрскага і Пастаўскага — ён благаславіў новы абраз.
Адмыслова для касцёла Найсвяцейшай Тройцы абраз напісаў мастак Аляксандр Некрашэвіч. Натхненне прыйшло да майстра на адным з пленэраў, якія адбываюцца тут традыцыйна па ініцыятыве друйскага пробашча ксяндза Сяргея Сурыновіча.
Роўна праз год, у мінулым жніўні, мастак скончыў працу і дапоўніў інтэр’ер святыні выявай Арханёла.
Апякун Касцёла на Беларусі памерам з чалавечы рост напісаны алеем на палатне. На заднім плане можна разгледзець касцёл Найсвяцейшай Тройцы з кляштарам бернардынцаў у Друі, касцёл Божага Провіду ў Слабодцы і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі у Піедруі, або Прыдруйску (Латвія), куды прыходзілі вернікі з тэрыторыі Беларусі ў савецкія часы.
Па словах ксяндза Сяргея Сурыновіча, парафіяне добра ўспрынялі абраз, упрыгожылі яго кветкамі і пачалі часцей маліцца праз заступніцтва святога Арханёла Міхала.
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/left.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/right.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)