Пошук

20.09.2023 11:17   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

З 15 па 17 верасня у мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля, дзе нясуць служэнне ксяндзы салезіяне і сёстры салезіянкі, адбылася чарговая сустрэча для моладзі — Don Bosco Youth Fest.

Сёлетні фэст быў прысвечаны экалагічнай тэматыцы ў межах канцэпцыі «Зялёная парафія», а таксама ўдзячнасці Богу за дзесяць гадоў з часу ўтварэння ў Беларусі мясцовай структуры салезіянскага таварыства — дэлегатуры.

Увечары 15 верасня ўдзельнікі сустрэчы сабраліся ў араторыі, які дзейнічае пры парафіі. Там адбывалася рэгістрацыя, знаёмства і вячэра.

У араторыі моладзь прывіталі Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў нашай краіне ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB і адказны за араторый ксёндз Алег Каралёў SDB. Святары пазнаёмілі моладзь з праграмай салезіянскіх дзён моладзі і з правіламі паводзін на мерапрыемстве. Пасля пасілку ўсе перайшлі ў касцёл, дзе адбыўся вечар праслаўлення з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Падчас традыцыйнага салезіянскага слоўка на добрую ноч маладыя людзі, якія ў жніўні бралі ўдзел у Сусветных днях моладзі з Папам Францішкам у Партугаліі, дзяліліся сваім сведчаннем.

Другі дзень фэсту стаў асноўным «працоўным» днём. Раніцай удзельнікі сустрэліся на адной з мінскіх івэнт-пляцовак, дзе пад кіраўніцтвам дасвечаных спікераў знаёміліся з асновамі водазберажэння, энергазберажэння, біяразнастайнасці і пераапрацоўкі адкідаў. Маладыя людзі разглядалі гэтыя пытанні праз прызму энцыклікі Папы Францішка Laudato si’.

З дапамогай майстар-класаў і практычных парад юнакі і дзяўчаты даведаліся, як зрабіць сваё жыццё больш экалагічным і якія небяспекі вынікаюць з марнатраўнага карыстання рэсурсамі.

Другім пунктам суботняй праграмы стала наведванне Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Супрацоўнікі цэнтра падзялілі моладзь на шэсць невялічкіх груп і пазнаёмілі са сваёй працай, дапамаглі больш даведацца пра ахову навакольнага асяроддзя.

Увечары юнакі і дзяўчаты вярнуліся ў араторый, дзе кожны ахвотны мог пагуляць у спартовыя, настольныя і інтэлектуальныя гульні.

Напрыканцы дня са слоўкам на добрую ноч да сабраных праз відэасувязь з Германіі звярнуўся першы дэлегат салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Святар з радасцю прывітаў усю моладзь і ўзгадаў як была заснавана дэлегатура; усе тыя радасці і праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца ў новазаснаванай структуры. «Дзесяцігоддзе росту і змен засталося за плячыма: перыяд, за які мы перажылі як праблемы, так і трыумфы. 23 жніўня 2013 года падчас урачыстай святой Імшы з нагоды прыбыцця рэліквій нашага заснавальніка ксяндза Боско ў Беларусь тагачасны правінцыял Анджэй Вуек абвясціў дэкрэт аб заснаванні беларускай дэлегатуры і аб маім прызначэнні першым дэлегатам новастворанай структуры.

Гэты момант стаў нашым першым крокам, які мы зрабілі, сімвалічна кажучы, за руку з ксяндзом Боско. Упэўнены, што ён суправаджаў нас на працягу гэтых гадоў і, спадзяюся, будзе працягваць гэта рабіць і на працягу наступных дзесяці гадоў»,— сказаў першы дэлегат.

Ксёндз Віктар падкрэсліў, што ўся праца і ўсе намаганні прыкладаюцца выключна дзеля дабра моладзі, а моладзь, у сваю чаргу, натхняе і матывуе салезіянаў. Святар адзначыў таксама і канцэпт «Зялёнай парафіі», да станаўлення якога сам меў непасрэднае дачыненне. «Напрыканцы хацелася б таксама закрануць наш новы экапраект. У той час, калі ахова навакольнага асяроддзя мае першаснае значэнне для нашага Касцёла і для нашага Ордэна, мы вырашылі ўнесці свой уклад у выратаванне нашай планеты. Гэты праект — не проста чарговая акцыя; гэта — нашае абяцанне будучым пакаленням», — сцвердзіў ксёндз Віктар Гайдукевіч.

Завяршыўся дзень, паводле салезіянскай традыцыі, трыма малітвамі «Вітай, Марыя», як вучыў сам святы Ян Боско.

Нядзеля распачалася для ўдзельнікаў Don Bosco Youth Fest са святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

На пачатку Эўхарыстыі ўсіх сабраных прывітаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі. Пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB падзякаваў арцыбіскупу за гатоўнасць перажыць моладзевы фэст і гадавіну ўтварэння дэлегатуры разам з салезіянскай сям’ёй.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі ўзгадаў, што святы Ян Боско называў дзяцей і моладзь надзеяй і будучыняй Касцёла: «Ім трэба прысвяціць свой час, з імі трэба быць, вучыць іх і прыслухоўвацца да таго, аб чым яны размаўляюць, пра што іх думкі. Іх сапраўды трэба весці ў гэты Божы свет, там, дзе любоў і прабачэнне, там, дзе радасць і хвала, там, дзе Laudato si’, там, дзе хвала Богу за ўсё, чым Ён нас адарыў». Іерарх падкрэсліў, што «мы павінны радавацца ўсяму таму, чым Бог нас адарыў, але таксама імкнуцца захаваць усю прыгажосць для будучых пакаленняў».

Напрыканцы арцыпастыр звярнуўся з заклікам да моладзі і парафіянаў:

«У мяне ёсць да вась просьба: трымайцеся Пана! З Ім мы ўсё пераадолеем. Атрымаем і зялёныя лугі, поўныя хлябоў, і аздараўленне хворых, і ўваскрашэнне.Калі мы пойдзем гэтай сцяжынкай да збаўлення, якой ідзем, і калі мы пойдзем праз церні нашых праблем, нашых перажыванняў, то тады асаблівым чынам трэба памятаць: Ён з намі, Ён нам дапамагае, бо Ён прыйшоў да нас і прыняў нашае людское цела, каб навучыць нас, як гэта ўсё пераадолець. Таму няхай нашыя сэрцы і вусны пяюць сёння аб гэтым прыгожым Божым свеце», — сказаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля Імшы моладзь скіравалася ў араторый, які дзейнічае пры парафіі. Там маладыя людзі гулялі ў спартовыя гульні, танчылі бансы і дзяліліся ўражаннямі ад фэсту. Перад абедам моладзь са Смаргоні пад кіраўніцтвам ксяндза Міхаіла Радзевіча SDB паказала прыгожую сцэнку аб Божай неабсяжнай любові, скіраванай да кожнага чалавека.

На завяршэнне сустрэчы са слоўкам да прысутных звярнуўся дэлегат ксёндз Павел Шчарбіцкі.

Настаяцель салезіянаў разам з моладдзю разважаў пра тое, як важна быць сапраўдным у гэтым свеце: любіць па-сапраўднаму, беручы на сябе адказнасць; быць шчырым у сваіх адносінах і быць шчырым перад самім сабой, а таксама патрабаваць ад сябе.

«Што мы дамо пасля гэтых дзён моладзі? Што дамо мы брату, сястры, бацькам, сябрам, вярнуўшыся ў свае парафіі? Што дамо сябрам на вучобе, на працы? Калі застанецца ўсё тое самае і ні на ёту мы не зрушымся, задаюся пытаннем: навошта мы сустрэліся ў гэтыя дні? які з гэтага вынік, якая карысць ад гэтай сустрэчы? Таму будзьце адважнымі, не бойцеся, адкрывайце сваё сэрца», — падбадзёрыў ксёндз Павел удзельнікаў сустрэчы.

Пасля абеду, перад тым, як раз’ехацца па дамах, моладзь атрымала невялікі смачны сюрпрыз з нагоды юбілею салезіянскай дэлегатуры на Беларусі: салодкія капкейкі з салезіянскім лагатыпам.

Фэст Дона Боско ў Мінску даў старт канцэпцыі «Зялёнай парафіі», якая будзе рэалізоўвацца ў салезіянскіх супольнасцях Беларусі сугучна з энцыклікай Папы Францішка і сучаснымі тэндэнцыямі аховы навакольнага асяроддзя.

Абноўлена 20.09.2023 11:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа