Пошук

18.09.2023 13:40   Фота: Лізавета Граковіч / Catholic.by

14 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адзначылі адпустовую ўрачыстасць тытулу касцёла і 110-ю гадавіну з часу яго пабудовы.

У гэты важны для мясцовай парафіяльнай супольнасці дзень вілейскіх вернікаў наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы.

Напачатку ў святыні арцыпастыра прывіталі парафіяне і шматгадовы пробашч парафіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла, дэкан Вілейскі.

 Душпастыр коратка пазнаёміў сабраных з гісторыяй пабудовы касцёла. У 1906 годзе па праекце архітэктара Аўгуста Клейна ў Вілейцы распачалося будаўніцтва касцёла пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа. У ліпені 1907 года адбылося благаслаўленне вуглавога каменя будучай святыні. Будаўніцтва працягвалася сем гадоў, і ў 1913 годзе касцёл быў завершаны.

«Сёння мы сабраліся, каб узнесці хвалу Богу за 110-ю гадавіну з часу пабудовы вілейскай святыні. Прагнем падзякаваць за гады росквіту рэлігійнага жыцця, перапрасіць за гады знеслаўлення святыні і знішчэння веры ў людскіх сэрцах, праславіць за адраджэнне хрысціянства і ўваскрасенне вілейскага касцёла», — сказаў ксёндз Аляксандр. Пробашч распавёў пра духоўную падрыхтоўку да святкавання гадавіны.

«Нашае свята працягвалася тры дні. Першы дзень быў прысвечаны малітве за памерлых фундатараў, будаўнічых і парафіянаў, якія ў гэтай святыні ўзносілі хвалу Богу. Другі дзень быў перапрашэннем Бога за грахі нашыя, нашых сем’яў, парафіі і грамадства. Стараліся не столькі перапрасіць Бога за памылкі нашых продкаў, колькі пакаяцца самім за занядбанне духоўнага, рэлігійнага жыцця і парушэнне Божых Запаведзей у святле новых выклікаў з якімі сустракаемся ў апошні час.

Сёння — дзень падзякі Богу і дзень просьбаў аб далейшым благаслаўленні.

Як жа прагнем, каб нашая парафія пачысцела, пасвятлела, папрыгажэла, як гэта сталася з нашай святыняй у апошн час. Як Бог благаславіў нашыя працы, намаганні, старанні і ахвяраванні, з якімі мы клапаціліся пра святыню, аднаўляючы яе, так цяпер просім, каб прыняў нашыя шчырыя малітвы і аднавіў аблічча парафіі», — дадаў ксёндз Аляксандр Барыла.

Арцыбіскуп Станеўскі падзякаваў за запрашэнне і за магчымасць у другі раз наведаць парафіяльную супольнасць у Вілейцы, якая з’яўляецца адной з самых вялікіх у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр казаў набожныя словы, вучыў любіць Касцёл і маліцца аб пакліканнях да святарства.

Падчас святкавання ў вілейскім касцёле вернікі мелі магчымасць ушанаваць Маці Божую у спісах цудадзейных абразоў са славутых Марыйных санктуарыеў, якія ўжо трэці год перэгрынуюць па парафіях Беларусі і за мяжой.

Абноўлена 18.09.2023 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця