Пошук

14.09.2023 13:07   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Увечары 11 верасня вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) у працэсіі ўрачыста прывіталі 17 спісаў найбольш шанаваных на Беларусі абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія ўжо трэці год перэгрынуюць па Беларусі і за мяжой.

Сустрэчай спісаў Марыйных ікон у вілейскай парафіі распачаўся адмысловы трыдуум — час духоўнай падрыхтоўкі да адпустовай урачыстасці тытулу касцёла ў 110-ю гадавіну з часу яго пасвячэння.

Парадак трыдуума быў наступным: аўторак стаў днём асаблівай малітвы за памерлых, фундатараў святыні і ахвярадаўцаў, а ў сераду вернікі перажывалі дзень пакаяння і перапрашэня за грахі ўласныя і парафіяльнай супольнасці.

14 верасня, у чацвер, у Вілейцы адзначаецца ўрачыстасць тытулу касцёла — Узвышэння Святога Крыжа.

У Вілейку абразы Маці Божай прыбылі з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат), дзе знаходзіліся з 18 жніўня пасля вяртання з Марыйнага санктуарыя ў Аглоне, што ў Латвіі. Там 14 жніўня ардынарый Рэзэкнэ-Аглонскай дыяцэзіі біскуп Яніс Буліс благаславіў спіс Маці Божай Аглонскай, Апякункі Поўначы, які цяпер разам з астатнімі працягвае перэгрынацыю па парафіях Беларусі. Касцёл ў Вілейцы стаў 83-м пунктам на шляху перэгрынацыі спісаў цудадзейных абразоў.

Вітаючы ў святыні Багародзіцу ў Яе іканапісных выявах, пробашч вілейскай парафіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла зазначыў, што Марыя сама выбрала святыя месцы, дзе адорвае апекай вернікаў, сваіх дзяцей.

«Сёння мы духоўна знаходзімся і ў Будславе, і ў Вострай Браме, у Чэнстахове і нават ў Рыме. Мы з вамі знаходзімся ў адзін момант там, дзе Марыя хоча выпрошваць у свайго Сына ласкі для сваіх дзяцей. Так пакіравала Божая воля, што гэтую ўрачыстасць узбагачае нашая малітва праз заступніцтва Божай Маці. Мы спадзяемся, што нашая малітва прынясе вялікі плён ў духоўным жыцці кожнага з нас, а таксама будзе садзейнічаць росквіту ўсяго Каталіцкага Касцёла на нашай зямлі», — дадаў ксёндз Аляксандр Барыла.

Наблізіцца бліжэй, паразмаўляць і паглядзець Нябеснай Матулі ў вочы заахвоціў сабраных у Вілейцы вернікаў духоўны кіраўнік перэгрынацыі ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR. «Мырыя, прыходзячы да вас, хоча быць з вамі, слухаць вас, прытуліць кожнага да свайго матчынага сэрца», — сказаў святар.

Абразы ў вілейскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа будуць знаходзіцца да суботы 23 верасня. У гэты дзень а 10-й гадзіне ў святыні адбудзецца святая Імша падзякі, аднак копіі цудадзейных абразоў застануцца ў горадзе яшчэ на тыдзень.

Пасля касцёла яны будуць даступныя для наведвання жыхарам і гасцям горада ў вілейскім краязнаўчым музеі імя Нікадзіма Сілівановіча да канца месяца.

30 верасня, згодна з планам перэгрынацыі, іх сустрэнуць у парафіі святога Францішка ў Салігорску (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Нясвіжскі дэканат).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.