7 верасня, у вігілію свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, у Будславе адбылася урачыстая святая Імша з нагоды 240-й гадавіны пасвячэння касцёла.
Напачатку да прысутных звярнуўся пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.
Святар агучыў асноўную інтэнцыю — гэта падзяка Пану Богу за гады існавання будслаўскай святыні — месца асаблівай хвалы Панны Марыіі, а таксама за ўсіх людзей, якія далучыліся да будавання святыні, за ахвярадаўцаў, за ўсіх, хто напаўняў і напаўняе касцёл малітвай.
«Гэты дзень перапоўнены важнымі для нашай святыні рэчамі. Мы бачым, што, як звычайна, раз на год мы запальваем свечкі ва ўспамін, што гэтыя крыжы калісьці намашчаў біскуп алеем падчас кансэкрацыі», — распавёў пробашч пра крыжы-«закхейкі» на сценах і калонах касцёла.
Потым ксёндз Дзмітрый паказаў невялічкую скрыню з дакументам аб кансэкрацыі касцёла і рэліквіямі мучанікаў, якія таксама змешчаны ў галоўным алтары.
У святочны для санктуарыя дзень усе прыстутныя маглі ўбачыць ячшэ адзін важны артэфакт збоку ад алтара — дакумент з подпісам іерарха, змацаваную сургучнай пячаткай з біскупскім гербам, якая урачыста сведчыць аб падзеі 240-гадовай даўніны.
Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі ён узгадаў мінулае касцёла:
«Гісторыя з’яўлення Будслаўскага санктуарыя сягае XVI, калі сюды з Вільні прыбылі манахі бэрнардыны. Яны жылі ў дамках-будах і пабудавалі невялікую капліцу, над якой з’явілася незвычайнае святло з вобразам Марыі з Дзіцяткам Езусам. Божая Маці сказала, што будзе апекавацца гэтым месцам як прытулкам грэшнікаў», — распавёў іерарх.
Адпаведна легендзе, аднойчы адзін з братоў бэрнардынаў заблукаў у лесе і не мог знайсці дарогу. Ён даверыўся Богу і шоў далей, дрыжучы ад холаду і страху. Раптам манах заўважыў нейкае ззянне. Ён узрадаваўся і хутка скіраваўся ў той бок, думаючы, што гэта нечае жыллё. Але як жа ён здзівіўся, калі апынуўся пад сваёй капліцай, а над ёй убачыў у незвычайным святле вобраз Маці Божай: менавіта такі, які тады знаходзіўся ў адным з алтароў віленскага бэрнардынскага касцёла.
Дакладна вядома, што Будслаў з цягам часу стаў прыцягваць усё большую колькасць пілігрымаў.
Тут пабудавалі драўляны касцёл, потым мураваны, які цяпер называецца старым, і, нарэшце, сучасную базыліку.
«Сярод мноства розных жыццёвых шляхоў павінна быць дарога да храма, бо там можна знайсці Бога і сустрэцца з Ім як крыніцай духоўных сіл. Чалавек, які цураецца гэтай крыніцы, слабне, а яго вера гасне», — адзначыў арцыбіскуп.
«Будслаўскі касцёл, сёння ты пачынаеш пісаць новую старонку сваёй слаўнай гісторыі. Няхай, не гледзячы на розныя складанасці, у тым ліку і нядаўні пажар, яна будзе выпаўнена новымі спатканнямі чалавека з Богам з мэтай лячэння яго духоўных ранаў і дасягнення радасці неба», — завяршыў гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У гадавіну кансэкрацыі касцёла разам памаліцца перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай сабраліся святары, законныя сёстры, мясцовыя вернікі і пілігрымы. Дзякуючы прамой трансляцыі на партале Catholic.by да супольнай малітвы духоўна далучыліся яшчэ больш за паўтысячы чалавек.
Пасля Эўхарыстыі ксёндз пробашч падзякаваў усім за супольную малітву.
«Два гады таму касцёл быў зачынены, яшчэ шлі будаўнічыя працы. Зверху рабілі дах. Я прыйшоў днём, запаліў свечкі на крыжах-„закхейках“, Імша была ў Доме пілігрыма. І гэта ўся ўрачыстасць», — падзяліўся ўспамінамі пробашч і парадаваўся, што колькасць людзей у санктуарыі паступова павялічваецца. Святар падзякаваў арцыбіскупу Кандрусевічу за тое, што ён заўсёды з увагай адносіўся да Будслаўскага санктуарыя, быў з мясцовымі вернікамі і ў радасныя, і ў цяжкія моманты, адным з першых прыехаўшы ў Будслаў, калі ў базыліцы здарыўся пажар.
Напрыканцы заслужаны іерарх узгадаў падзеі, якія адбываліся ў той драматычны момант, і, са свайго боку, падзякаваў пробашчу за служэнне ў няпростыя для святыні часы.
Перад бласлаўленнем арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзяліўся лацінскай цытатай з кнігі Быцця, якую часам змяшчаюць над уваходам у касцёл: Hic est domus Dei et porta caeli — «Гэта не што іншае, як дом Божы і брама Нябёсаў.
«Касцёл Будслаўскі, базыліка, святыня Божай Маці Будслаўскай, заставайся і надалей домам Бога і будзь для усіх, хто прыходзіць сюды, брамай Неба», — пажадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.