3 верасня, у першую гадавіну смерці айца Станіслава Памыкалы SІ, у касцёле святога Ігнацыя, дзе нясуць служэнне айцы езуіты, адбылася малітва аб супакоі для яго душы і благаслаўленне мемарыяльнай дошкі ў памяць пра спачылага святара.
Catholicnews.by нагдвае, што айцец Станіслаў Памыкала SІ адышоў у вечнасць 3 верасня 2022 года. Ён служыў у парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску з 2017 па 2020 гады. У Віцебскай дыяцэзіі нёс служэнне з 2011 года: спачатку ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, пасля ў парафіі святога Антонія Падуанскага ў Віцебску. Акрамя таго, айцец Станіслаў служыў у Расіі ў Сібіры і шмат выязджаў у іншыя краіны для прапаведавання і правядзення духоўных практыкаванняў па метадзе святога Ігнацыя Лаёлы.
Цэлебрацыю святой Імшы, на якой у гадавіну смерці сабраліся знаёмыя, супрацоўнікі і былыя парафіяне айца Станіслава з усяго горада, узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
На пачатку літургіі айцец Віктар Жук SІ, пробашч віцебскай парафіі святога Уладзіслава, прывітаў біскупа Алега і іншых гасцей і падзякаваў ім за тое, што яны знайшлі час, каб разам ушанаваць памяць яго папярэдніка. Таксама пробашч павіншаваў прысутных школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў з пачаткам новага навучальнага года.
Успамінаючы спачылага езуіта, біскуп Буткевіч сказаў: «Сёння асабліва молімся за святой памяці айца Станіслава, які тут пакінуў сваё сэрца, а дошка, якую благаславім, будзе нагадваць нам пра яго. Дзякуем Богу за дар яго жыцця і паслугу, асаблівым чынам у нашай дыяцэзіі. Айцец Станіслаў быў сапраўдным місіянерам Усходу: ведаеце, што ён шмат гадоў працаваў у Расіі, а тут ён бачыў магчымасць для пачатку хрысціянскага паяднання», — адзначыў пастыр Касцёла Віцебскай дыяцэзіі.
«Сёння Езус гаворыць нам: „Хто хоча зберагчы жыццё, той яго згубіць“. Езус кажа пра тых, хто хоча зберагчы толькі фізічнае жыццё. А той, хто на першае месца паставіць збаўленне сваёй душы, будзе жыць.
Айцец Станіслаў вучыў нас менавіта гэтым рэчам, спрабаваў нас у гэтым пераканаць, і перадусім сам вёў жыццё духоўнага чалавека. Таму няхай яго малітва нам дапамагае і ўмацоўвае нас на шляху духоўнага ўзрастання, дзеля якога ён працаваў», — выказаў пажаданне іерарх.
На заканчэнне літургіі біскуп Алег Буткевіч здзейсніў благаслаўленне памятнай дошкі, пасля чаго ўсе прысутныя разам памаліліся «Анёл Панскі» аб вечным жыцці для памерлага айца Станіслава.