Пошук

31.08.2023 12:07   Фота: Яўген Малафей / Catholic.by

28 жніўня ў Слоніме (Гродзенская дыяцэзія) прайшоў 19-ы турнір па міні-футболе «Памяці святога Яна Паўла II».

Удзел у турніры сёлета ўзялі 18 каманд з каталіцкіх парафій з Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій: 8 з іх выступалі ў малодшай катэгорыі (8–11 класы), а 10 — у старэйшай (ад 17 гадоў і больш). Усе матчы праходзілі на полі са штучным пакрыццём стадыёна ААТ «Газпрам Трансгаз Беларусь»

У выніку праведзеных сустрэч першае месца ў малодшай катэгорыі заняла каманда з парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах (Гродзенская дыяцэзія). У старэйшай катэгорыі пераможцам стала зборная каманда дзвюх парафій: з Іўя (святых апосталаў Пятра і Паўла) і з Лаздунаў (святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша).

На пачатак спаборніцтваў усе удзельнікі сабраліся на святой Імшы ў касцёле святога Андрэя. Узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі адказны па справах спорту ў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Артур Малафей, галоўны арганізатар турніру. Гамілію прамовіў брат Юрый Катовіч OFMCap, пробашч слонімскай парафіі святога Андрэя, апостала.

«Падчас спаборніцтваў на першым месцы — сустрэча з бліжнім. <…>

Турнір яднае перш за ўсё тых, хто верыць ў Хрыста, таму на першае месца выходзяць не тэхнічныя здольнасці гульца, а яго любоў да Бога і бліжняга», — падкрэсліў брат Юрый.

Пасля Імшы каманды скіраваліся на стадыён. Перад пачаткам гульняў з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнўся галоўны спонсар турніру Баляслаў Івашка, прадпрымальнік з Гродна.

Пасля першай серыі сустрэч на футбольным полі, якія праходзілі ў духу братэрства і сумленнай гульні, а таксама ў бескампраміснай барацьбе, смачны абед дадаў юнакам фізічных сілаў. Пасля абеду адбыліся матчы за выніковыя месцы на турніры. Варта адзначыць, што ўсе матчы абслугоўвалі прафесіныя суддзі па футболе.

Па выніках сустрэч былі вызначаны пераможцы, а таксама ў кожнай каманде былі вызначаны лепшыя гульцы, якія атрымалі спецыльныя узнагароды ад спонсара.

На заканчэнне турніру кожны ўдзельнік таксама атрымаў падарунак.

 

Абноўлена 31.08.2023 12:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця