Пошук

07.08.2023 14:14   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Алена Бобр / Catholic.by

5 жніўня, у першую суботу месяца, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася першая сустрэча ў межах малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Гэтая падрыхтоўка адбываецца ў абвешчаны Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім Год падзякі Маці Божай за Яе апеку і атрыманыя ласкі.

Цыкл прысвечаных гэтаму духоўных мерапрыемстваў распачаў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Першая сустрэча ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі была прысвечана Першай Божай запаведзі. За яе арганізацыю былі адказныя духавенства і вернікі Бабруйскага дэканату Мінска-Магілёўскай архідыяэзіі. Шмат вернікаў з парафій у Асіповічах і Бабруйску прыбылі ў якасці пілігрымаў у Будслаў на чале з дэканам Бабруйскім, ксяндзом канонікам Андрэем Яркаўцом і разам з іншымі душпастырамі.

Усяго ў Нацыянальным санктуарыі ў першую суботу жніўня сабраліся каля трох соцень вернікаў з розных мясцін Беларусі.

Пілігрымаў вітаў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Сустрэча распачалася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і набажэнствам перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі. Фацімскі Ружанец правялі вернікі бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты час у прысутных была магчымасць прыступіць да споведзі.

Апоўдні на алтары перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх, беручы пад увагу тэму сустрэчы, перадусім адзначыў, што Божыя запаведзі прадстаўляюць асноўныя прынцыпы адносін чалавека з Богам і іншымі людзьмі, а таксама маральны падмурак для чалавека, грамадства і свету.

«Яны з’яўляюцца праявай Божага клопату пра сучаснасць і будучыню чалавека», — падкрэсліў арцыбіскуп. Разам з тым ён з горыччу заўважыў, што сучасны свет звяртае мала ўвагі на Божыя запаведзі.

«Сучасны чалавек часта ўспрымае Божыя запаведзі як абмяжаванне яго свабоды. Але Бог даў людзям свой закон не для таго, каб навязаць ім рабства, але каб вызваліць і зрабіць свабоднымі», — сцвердзіў арцыпастыр. Ён дадаў, што запаведзі — гэта «маральны фундамент Запавету з Богам і прызначаны для дабра чалавека. Калі чалавек іх адкідае, то шкодзіць сабе самому, бо разбурае ўстаноўлены Богам парадак жыцця і чалавечага існавання ў адносінах з Богам і іншымі людзьмі. Таму толькі праз прызму Божага закону можна казаць пра сапраўдны гуманізм, які абапіраецца на маральны закон. Без Бога застаюцца толькі руіны чалавечай маралі», — лічыць арцыпастыр.

«У часы ўсеагульнага маральнага хаосу неабходна моцаю Святога Духа бараніць веру», — зазначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, пажадаўшы прысутным, «каб Божы закон стаў для ўсіх праводнай зоркай на шляху да дасканаласці і дапамог заставацца вернымі хрысціянскаму пакліканню з мэтай дасягнуць радасці вечнага шчасця».

Пасля абеду сустрэча працягнулася аскетычнай канферэнцыяй на тэму Першай Божай запаведзі. Навуку да сбараных прамовіў асабісты сакратар арцыбіскупа эмэрыта ксёндз Павел Эйсмант. Узрушаныя словамі святара, сабраныя ў святыні на супольнай малітве перапрашалі Найсвяцейшае Сэрца Езуса за парушэнне гэтай Божай запаведзі, а таксама маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Абноўлена 08.08.2023 23:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця