У адпаведнасці з дэкрэтам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ад 4 ліпеня 2023 года, пробашчам парафіі катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску быў прызначаны ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, які змяніў на гэтай пасадзе шматгадовага катэдральнага душпастыра ксяндза каноніка Антонія Клімантовіча.
У нядзелю 23 ліпеня арцыбіскуп Станеўскі ўрачыста ўвёў у парафію новага пробашча, які ўжо добра вядома вернікам галоўнай каталіцкай святыні сталіцы. Падаем кароткі жыццярыс святара.
Дзмітрый Пухальскі нарадзіўся 13 жніўня 1981 года ў Мінску. У 1998 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы № 50 з матэматычным ухілам у горадзе Мінску, паступіў у Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут на факультэт малекулярнай і біялагічнай фізікі. У 2004 годзе скончыў магістратуру гэтай вышэйшай навучальнай установы, абараніўшы магістарскую працу на кафедры фізікі жывых сістэм ва Усерасійскім кардыялагічным навуковым цэнтры імя акадэміка Я.І. Чазава.
У студэнцкія гады ў расійскай сталіцы не занядбаў рэлігійнага жыцця.
Колішні выпускнік музычнай школы па класе фартэпіяна навучыўся граць на аргане і пэўны час быў арганістам у вернутым католікам і адноўленым намаганнямі тагачаснага пастыра архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча маскоўскім катэдральным касцёле Безаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Адразу пасля заканчэння магістратуры ў Маскве, распачаў фармацыю ў Вышэйшай Мітрапалітальнай духоўнай семінарыі святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве (Польшча). Пасвячэнне дыяканату атрымаў 31 мая 2008 года ў архікатэдры ў Мінску, а 13 чэрвеня 2009 года ў той жа святыні атрымаў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату. Сакрамэнт пасвячэння ўдзяліў Дзмітрыю Пухальскаму тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
З ліпеня 2009 да ліпеня 2011 года быў вікарыем архікатэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.
У 2011 годзе арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваў маладога сталічнага святара на далейшую вучобу на факультэце кананічнага права ва ўніверсітэце Marcianum у Венецыі (Італія), дзе ў 2014 годзе ксёндз Дзмітрый Пухальскі атрымаў навуковую ступень ліцэнцыята.
У 2014–2015 гадах выконваў абавязкі пробашча парафіі Хрыста Збаўцы ў Мінску, што ў мікрараёне Шабаны.
З 3 жніўня 2014 займае пасаду канцлера Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, з’яўляецца выкладчыкам кананічнага права ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля. З 2015 года выконвае абавязкі віцэафіцыяла Міждыяцэзіяльнага касцёльнага суда ў Мінску.
У супрацоўніцтва з групай іншых святароў пад патранатам Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча здзейсніў пераклад на беларускую мову Кодэкса кананічнага права — галоўнага збору юрыдычных норм Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду.
13 красавіка 2017 года быў прызначаны ганаровым канонікам Мінскага катэдральнага капітулу.