У нядзелю 23 ліпеня ў катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылося ўрачыстае ўвядзенне на пасаду пробашча архікатэдральнай парафіі ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага.
Новапрызначаны пробашч у адпаведнасці з дэкрэтам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ад 4 ліпеня 2023 года змяніў на гэтай пасадзе шматгадовага катэдральнага душпастыра ксяндза каноніка Антонія Клімантовіча, з якім цёпла і з вялікай удзячнасцю развіталіся на мінулым тыдні вернікі сталічнай катэдры. Цырымонію ўвядзення ў парафію новага пробашча ўзначаліў арцыбіскуп Станеўскі.
Знакам крыжа арцыпастыр распачаў нядзельную святую Імшу, пасля чаго звярнуўся да ўсіх прысутных у касцёле святароў і вернікаў.
«Мы сабраліся ў гэтай святыні, каб урачыста прывітаць нашага новапрызначанага пробашча. Вашая прысутнасць тут з’яўляецца знакам супрацоўніцтва з новым пробашчам — ксяндзом канонікам Дзмітрыем Пухальскім у будаванні Божага Валадарства у гэтай парафіі», — адзначыў іерарх.
Найстарэйшы святар у сталіцы, пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк прачытаў дэкрэт арцыбіскупа Мітрапаліта аб прызначэнні новага пробашча мінскай катэдральнай парафіі.
Дэкрэт прысутныя сустрэлі воплескамі, пасля чаго арцыбіскуп Станеўскі працягнуў:
«Як арцыпастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі даручаю табе, новапрызначаны ксёндз канонік Дзмітрый, абавязкі пробашча катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў горадзе Мінску і ўрачыста аб’яўляю, што ты атрымліваеш у гэтай парафіі ўладу, якой надзяляе пробашча кананічнае права Рыма-Каталіцкага Касцёла. Аддаю табе ў апеку духоўнае дабро вернікаў, нагадваючы, што калісьці ты будзеш за іх адказваць на Судзе Божым. Таму імкніся служыць ім так, каб ты мог з чыстым сумленнем стаць перад Богам — справядлівым Суддзёю. Аддаю табе таксама ў апеку матэрыяльны стан гэтай парафіі, каб ты яго па ўласнай віне нічым не зменшыў», — сказаў арцыбіскуп Станеўскі, пасля чаго ўзнёс адмысловую малітву за новапрызначанага пробашча і благаславіў яго на плённае служэнне на гэтай пасадзе.
Ксёндз Пухальскі, у сваю чаргу, выказаў сваё жаданне служыць Богу ў супольнасці, даручанай касцёльнай уладай яго душпастырскай апецы, а арцыбіскуп звярнуўся да парафіянаў, заахвоціўшы іх да супрацоўніцтва з новапрызначаным пробашчам.
Згодна з прадпісаннямі кананічнага права, уступаючы на пасаду, новы пробашч прачытаў вызнанне веры і прысягу вернасці.Дэкларацыя аб гэтым, а таксама пратакол аб уступленні на пасаду былі падпісаныя на алтары ксяндзом Дзмітрыем і двума сведкамі.
Пасля падпісання дакументаў арцыбіскуп Станеўскі перадаў новаму пробашчу ключы ад святыні і ўсіх парафіяльных будынкаў.
Гімнам Духу Святому ўсе прысутныя ў катэдры прасілі Божай дапамогі ксяндзу Дзмітрыю ў выкананні яго няпростага служэння, а потым арцыпастыр нагадаў новапрызначанаму катэдральнаму душпастыру пра яго абавязак абвяшчэння Божага слова, перадаўшы яму кнігу Евангелля. Нарэшце, арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на ролю святарскага служэння пры алтары ў сакрамэнтальным жыцці парафіяльнай супольнасці, пасля чаго новы пробашч апрануў арнат і працягнуў цэлебрацыю Эўхарыстыі.
На заканячэнне святой Імшы, перш, чым прачытаць парафіяльныя аб’явы, ксёндз пробашч Пухальскі ўзнёс падзяку Богу за магчымасць разам збірацца на малітву ў катэдры, за дар жыцця, за дар паклікання і за магчымасць служэння.
«Хочацца таксама падзякаваць Яго Эксэленцыі арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, які сёння знаходзіцца з намі, які здзейсніў гэты абрад увядзення новага пробашча ў катэдральную парафію. Дзякуй, Эксцэленцыя, Вам за давер з Вашага боку, дзякуй за разуменне, дзякуй за супрацоўніцтва <…>. Спадзяюся, і далей будзем супрацоўнічаць у гэтай катэдры», — сказаў ксёндз Дзмітрый Пухальскі. Ён дадаў, што большая частка яго жыцця звязана з мінскім катэдральным касцёлам.
«Менавіта адсюль 19 гадоў таму, у 2004 годзе, я ішоў у семінарыю, тут прымаў сакрамэнты пасвячэння дыяканскага і прэзбітэрскага, тут Бог дазволіў мне служыць амаль тры гады вікарыем. Сёння палічыў, што менавіта ў гэты дзень дванаццаць гадоў таму я развітваўся з парафіяй, ад’язджаючы на вучобу», — узгадаў святар, дадаўшы, што ўсё яго служэнне ў катэдральнай парафіі таксама ў наступныя гады было моцна звязана з ягоным папярэднікам на пасадзе пробашча ксяндзом Антоніем Клімантовічам, які цяпер змяніў яго ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі.
«Дзякуй яму таксама за прыклад святарства, за ягонае служэнне.
Я думаю, што ўсім нам ёсць за што сказаць дзякуй ксяндзу Антонію», — сказаў яго наступнік. Сваю прамову ксёндз пробашч Дзмітрый Пухальскі завяршыў словамі падзякі вернікам мінскай катэдральнай парафіі і парафіі ў Заслаўі, дзе ён быў пробашчам на працягу апошніх больш як трох гадоў.