Пошук


15 і 16 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль ў Гудагаі адбылася штогадовая ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай.

Цэлебрацыю заключнай святой Імшы ў другі дзень фэсту ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Разам з ім у літургіі ўзялі ўдзел арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Рэгіянальны вікарый Кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фраштэнга OCD, а таксама вялікая колькасць святароў, перадусім з ордэна кармэлітаў босых, якія апякуюцца Гудагайскім санктуарыем.

Усіх прысутных прывітаў пробашч гудагайскай парафіі і кусташ санктуарыя айцец Аркадзь Куляха OCD.

Ён адзначыў, што сёлетні фэст — падзяка Пану Богу за 260 гадоў існавання касцёла ў Гудагаі.

Нягледзячы на выпрабаванні розных часоў, ён ніколі не зачыняўся і дагэтуль з’яўляецца ўтульным домам малітвы для тутэйшых вернікаў і шматлікіх пілігрымаў.

Айцец Аркадзь таксама нагадаў, што на гэты год прыпадае 50-я гадавіна з часу смерці руплівага душпастыра гудагайскай парафіі ксяндза пробашча Адама Вайцяхоўскага.

Гэты святар цярпеў ад пераследу, але працягваў мужна служыць Богу і людзям.

16 ліпеня 1973 года ён адышоў у вечнасць акурат у дзень урачыстасці Маці Божай Шкаплернай, якую вельмі шанаваў.

Фота Аляксандры Шпілеўскай

«Маці Божая, найпрыгажэйшая з дачок гэтага свету, абірае для сябе найпрыгажэйшыя месцы: Будслаў, Лагішын, Браслаў, Бялынічы, Гудагай і іншыя, — адзначыў біскуп Буткевіч. — Як сёння ўначы казаў арцыбіскуп Тадэвуш, наша Беларусь — Марыйная. І гэта праўда.

З раніцы сёння тут, у гэтым адным з напрыгажэйшых куточкаў нашай краіны, мы сабраліся, каб у чарговы раз прынесці Божай Маці нашыя клопаты, а перадусім каб падзякаваць за тыя шматлікія ласкі, якія Яна нястомна выпрошвае для нас», — дадаў іерарх.

Старшыня епіскапату выказаў словы падзякі за мужнасць тых людзей, якія ў ранейшыя часы праявілі сваю гераічную веру ў Гудагаі, а таксама звярнуў увагу на пэўную пераемнасць духоўных асоб на гэтай зямлі: былы пробашч ксёндз Адам Вайцяхоўскі памёр 16 ліпеня, а сённяшні пробашч айцец Аркадзь Куляха OCD у гэты дзень нарадзіўся.

«Напэўна, гэта таксама з’яўляецца асаблівым знакам Божага Провіду. Магчыма, ён [а. Аркадзь Куляха — А.Ш.] і не меў выйсця, каб не пайсці служыць Богу ў ордэне кармэлітаў», — выказаў здагадку біскуп Алег Буткевіч.

Святочны настрой удзельнікам урачыстасці дадаў хор «Голас душы» парафіі святога Сымона і святой Алены з Мінска. У санктуарый Маці Божай Шкаплернай яны прыехалі разам са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком.

Пасля святой Імшы вернікі маглі прыняць шкаплер з рук айцоў і далучыцца да Марыйнай пабожнасці Кармэлю, або аднавіць сваё набажэнства да Маці Божай Шкаплернай.

Абноўлена 18.07.2023 12:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.