Пошук


У іспанкі Розы Пік-Агілеры Рока і яе мужа Хасэ Марыя Пасціга 18 дзяцей. Пра сваю незвычайную сям’ю жанчына напісала кнігу, якую ўжо пераклалі ў 15 краінах свету.

«Быць бацькамі — таксама навука, — усміхаецца жанчына. — Наша кніга заснавана на ўласным вопыце. Напрыклад, за паўгадзіны я магу зрабіць стрыжку адразу пецярым дзецям».


Пра цяжкасці і радасці, а таксама пра сакрэт выхавання дзяцей у шматдзетнай сям’і Роза і Хасэ Марыя распавялі на прэзентацыі сваёй кнігі ў Мінску. Сведчанні іспанцаў паслухалі і журналісты Catholic.by.

«Менш чым за два месяцы мы пахавалі дваіх дзяцей»

Дзецям Хасэ Марыі і Розы сёння ад 7 да 23 гадоў. Амаль усе яны пагодкі, толькі аднойчы ў пары нарадзіліся блізняты, якім зараз па 12 гадоў.

Паказваючы сямейны фотаздымак, Роза з лёгкасцю называе кожнае дзіця па імені і прыгадвае яго ўзрост. Пара нарадзіла 18 дзяцей, але выжылі з іх не ўсе...

«Муж і я марылі мець вялікую сям’ю. Ажаніліся мы маладымі: яму было 28, а мне 23. І ў абодвух былі вялікія сем’і, у яго — 14 братоў і сясцёр, у мяне — 16», — адзначае Роза.

Праз год пасля вяселля ў пары нарадзілася першая дачка. Але ў дзіцяці была цяжкая кардыёпатыя — прагнозы дактароў не абнадзейвалі. Дзяўчына ж дажыла да 22-га дня нараджэння...

Другое дзіця пары памерла ў паўтара гады, таксама з прычыны хваробы сэрца. Трэцяга дзіцяці не стала праз 10 дзён пасля нараджэння...

«Менш чым за два месяцы мы пахавалі дваіх дзяцей, і былі зусім не ўпэўненыя, што старэйшая дачка выжыве: гэта быў цяжкі час. Медыкі раілі нам не нараджаць больш дзяцей. Аднак мы цвёрда разумелі, што ніхто не можа вырашаць замест нас. Мы былі маладыя, і будучыня належала нам. Цяпер у нас 15 дзяцей, якія ЖЫВУЦЬ».

«Пакупкі я раблю раз на месяц...»

Сёння Розе 47. І ў мінулым годзе яе сям’ю прызналі ў Еўропе шматдзетнай сям’ёй года. Як праходзяць іх сямейныя будні?

«Самыя важныя хвіліны нашай сям’і — гэта момант супольнай вячэры, калі ўся сям’я збіраецца за адным сталом, — адзначае Роза. — Тут можна даведацца пра ўсе падзеі, што адбыліся з кожным членам сям’і за дзень. За стол мы сядаем без мабільных тэлефонаў і без тэлевізара — так прынята. Гутарым і слухаем адно аднаго — і ўсе хочуць за стол, каб дзяліцца навінамі».

Роза і Хасэ Марыя прызнаюцца, што ў іх доме няма цацак, бо іх дзеці гуляюць адно з адным. У школе таксама імкнуцца дапамагаць сваім братам і сёстрам, трымаюцца разам.



«Калі сябры маіх дзяцей прыходзяць да нас, яны хочуць застацца, бо ў нас весела», — кажа Роза.

«Пакупкі я раблю раз на месяц па інтэрнэце: 240 літраў малака, 1 350 кг пячэння, 100 яек, 25 кг бульбы, 96 рулонаў туалетнай паперы, — пералічвае спіс Роза. — Пры гэтым, калі нешта заканчваецца, у той жа дзень у магазін я не бягу, чакаю наступнага месяца. Выключэнне, відаць, толькі для туалетнай паперы», — усміхаецца жанчына.



«Хочаш грошы — працуй»

Роза з мужам тлумачаць, што акрамя агульных правіл ў іх сям’і дзейнічаюць і адмысловыя — правілы з таблічкамі, на якіх складзены як абавязкі для кожнага члена сям’і, так і асабістыя заданні на самаўдасканаленне.

«Наша Пэпа часта сумуе, таму яе заданне — часцей усміхацца. Заданне Томаса, які любіць паплакаць, — плакаць толькі раз на дзень. Калі ён пачынае хныкаць ізноў, мы спыняем яго і кажам: хопіць, адзін раз ты ўжо плакаў — наступны раз толькі заўтра».
Роза з усмешкай дадае, што сваё заданне ёсць і ў яе: не камандаваць мужам.



Асноўны даход сям’і Розы і Хасэ Марыі — гэта іх заробак, а таму дзеці з дзяцінства стараюцца падзарабіць. Так, усе дзеці, за выключэннем бацькоў, спяць на шмат’ярусных ложках, а адзенне малодшым дзецям звычайна перадаецца ад старэйшых.

«Калі дзеці просяць у мяне грошы на кіно ці на салодкае, я ім так і кажу: я — не банк Іспаніі, хочаш грошы — працуй. Яны могуць быць нянькамі, дапамагаць іншым дзецям з вучобай, рабіць пячэнне на продаж, вучыць дзяцей тэнісу, дапамагаць іншым бацькам забіраць іх дзяцей са школы...», — пералічвае Роза.

Хасэ Марыя і Роза адзначаюць, што іх дом належыць усім членам сям’і, а не толькі бацькам, таму кожны адчувае за яго адказнасць.

«Сумнявалася, ці здолею напісаць гэту кнігу»

Роза прыгадвае, што ідэю напісаць кнігу спачатку не ўспрымала ўсур’ёз.

«Я сумнявалася, бо людзі заўжды хочуць чытаць штосьці сапраўднае. У школе я была не самой добрай вучаніцай. Часта мяне выганялі з класа ды й адзнакі былі не вельмі добрыя. Я не ведала, ці дам рады з гэтай кнігай, бо ўвесь гэты працэс не вельмі разумела. Але зараз, калі кніга перакладзеная на 15 моў, я бачу плён гэтай працы», — усміхаецца жанчына.

А пачалося ўсё з удзелу ў перадачы BBC, якую брытанскі тэлеканал выпускаў пад назвай «Самая вялікая сям’я ў свеце». Пасля таго эфіру прапановы самых розных СМІ так і пасыпаліся на незвычайную сям’ю Розы і Хасэ Марыі.

Але ўжо тады сям’я вырашыла, што не хоча так шмат увагі, таму абмежавала інтэрв’ю да двух у год. Але не ўсё было так проста. Адзін з артыкулаў у каталонскім штодзённіку набраў 35 тысяч праглядаў — усе хацелі ведаць, як сям’я спраўляецца з такой колькасцю дзяцей.



Праз пэўны час Роза рашылася на ўгаворы сяброўкі і напісала кнігу пра сваю шматдзетную сям’ю.

Выданне складаецца з 30 раздзелаў, дзе адлюстраваны не толькі самыя папулярныя пытанні пра яе сям’ю, але і асабістыя рэчы — ад тэмы іх з мужам стасункаў да смешных выпадкаў з жыцця, дзе Роза прызнаецца, што аднойчы забылася дзіця ў магазіне

У Беларусі кніга «Як жыць шчасліва з 1, 2, 3... дзецьмі?» пабачыла свет восенню 2016 года ў выдавецтве Гродзенскай дыяцэзіі. Над перакладам працавала Юлія Шэдзько. Тыраж — 1 тысяча асобнікаў.

«Сваім дзецям я тлумачу: мець столькі братоў і сясцёр — гэта шчасце»

«Калі бацькі трымаюцца адно аднаго, то і сям’я моцная. Часам і мы спрачаемся, гэта нармальна. Але калі гэта адбываецца пры дзецях, мы просім у іх прабачэння. Дзеці павінны вучыцца прасіць прабачэння, але бацькі з'яўляюцца іх прыкладам. Я ім тлумачу, якое гэта шчасце, мець кагосьці з братоў ці сясцёр», — заўважае Роза.

Як адзначаюць бацькі, кожнае з іх дзяцей — унікальнае і патрабуе асаблівай увагі. Хасэ Марыя і Роза прызнаюцца, што дзеці розныя і кожны патрабуе свайго падыходу: з адным больш размаўляць, другога — проста абняць, трэцяму дастаткова лагоднага позірку.

«У нашым пакоі стаяць тры крэслы: для бацькі, для маці і дзіцяці, які хоча пабыць сам-насам з намі», — дадае тата.

Вечарам у іх сям’і — традыцыйная прагулка з самымі малодшымі.



«Мы — звычайная сям’я з такімі ж праблемамі, як і ў астатніх сем’ях, — гаворыць Хасэ Марыя.— Толькі нашыя праблемы можна адразу памножыць на тры, чатыры або дзесяць. Вопыт навучыў нас пазбягаць памылак, якія мы мелі з першымі дзецьмі. Але ўсяму гэтаму мы навучыліся на курсах міжнароднай федэрацыі развіцця сем’яў».

Як адзначыў мужчына, у Беларусі такія курсы таксама праводзяцца. Пад назвай «Акадэмія сям’і» у Беларусі арганізоўваюцца практычныя курсы для бацькоў з дзецьмі розных узростаў.

«У чым твая таямніца, Роза?»

«Часам людзі пытаюцца, што за таблеткі я прымаю, адкуль у мяне столькі аптымізму? — з усмешкай дадае Роза. — Сакрэт ёсць, пра яго я пішу ў апошнім раздзеле кнігі.

Мая таямніца нічога не каштуе, яна дармовая, даступная для ўсіх кішэняў на планеце, у любой сямейнай эканоміцы: кожны дзень прачынацца рана і хадзіць на святую Імшу.
Пасля я заўжды стараюся затрымацца на паўгадзіны перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Вось адкуль я бяру сілы, вось дзе бачу магчымыя рашэнні праблемаў, вось дзе я па імёнах узгадваю ўсіх сваіх дзяцей і бачу, над якімі цнотамі я магу папрацаваць з кожным з іх, вось дзе я думаю пра свайго мужа.



Там Пан Бог, мой Айцец, дае мне сілы, я размаўляю з Ім пра свае праблемы, Ён суцяшае мяне і дае святло разумення, як пражыць гэты дзень.

У нашым доме малітва — гэта не абавязак, бо мы паважаем свабоду сваіх дзяцей. Але мы тлумачым ім, што дапамагае нам станавіцца лепшымі, больш чалавечнымі, дабрэйшымі, што дапамагае падтрымліваць іншых людзей і не сварыцца з прычыны розных глупстваў», — раскрывае свой сакрэт шматдзетная мама.

Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця