Пошук

13.07.2023 14:14   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Аліна Пяценка / Grodnensis.by

11 ліпеня ў касцёле святога Вацлава ў Ваўкавыску (Гродзенская дыяцэзія) адбылося пахаванне ксяндза прэлата Антонія Філіпчыка, які шмат гадоў быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці.

Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, яскравым выразам удзячнасці за шматгадовае душпастырскае служэнне спачылага святара і за ўсё добрае, атрыманае ад яго, стаў удзел у пахавальнай святой Імшы шматлікага духавенства, кансэкраваных асоб і мноства вернікаў.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі за спачылага пробашча, у якой узялі ўдзел больш за сотню святароў, у тым ліку арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандра Кашкевіч і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Усіх прысутных прывітаў ад імя святароў, якія служаць у гэтай парафіі, дэкан Ваўкавыскага дэканату ксёндз канонік Чэслаў Паўлюкевіч.

Арцыбіскуп Станеўскі, калі быў маладым святаром, служыў вікарыем у парафіі святога Вацлава і рабіў першыя крокі на шляху святарства пад кіраўніцтвам ксяндза Антонія Філіпчыка. На пахаванні арцыбіскуп назваў яго душпастырам, заслужаным не толькі для Гродзенскай дыяцэзіі.

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч у прамоўленай гаміліі ўзгадаў, што сустракаўся з ксяндзом прэлатам на вучобе ў семінарыі ў Каўнасе.

Па словах заслужанага іерарха, у той час, калі ксёндз Антоній быў пробашчам у Ваўкавыску, ад яго выйшла больш за 15 святароў, якія сёння служаць не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Напрыканцы Імшы да прысутных звярнуўся ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, старэйшы са святароў, якія паходзяць з ваўкавыскай парафіі. Ён падкрэсліў, што спачылы ксёндз прэлат, іх выхаваўца, заўсёды даваў семінарыстам прыклад руплівага святарскага служэння, на ўсіх этапах жыцця верна служыў Хрысту, любіў Касцёл, шанаваў людзей, асаблівую міласэрнасць праяўляючы да тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Біскуп Кашкевіч, успамінаючы спачылага, адзначыў яго глыбокую пакору і сціпласць. Іерарх дадаў, што жыццё ксяндза Філіпчыка вызначалася вялікай працавітасцю і вернасцю Хрыстоваму Касцёлу.

Пасля Імшы святары, якія паходзяць з ваўкавыскай парафіі, дзе амаль 35 гадоў служыў ксёндз прэлат, вынеслі з касцёла труну з целам свайго духоўнага настаўніка, якому ўдзячныя многім, а найперш тым, што бачылі ў ім узор сапраўднага душпастыра. Жалобная працэсія скіравалася на парафіяльныя могілкі, дзе адбылося пахаванне.

Ксёндз прэлат Антоній Філіпчык, сын Антонія і Фэліцыі, нарадзіўся 17 чэрвеня 1949 года ў вёсцы Чыжоўшчына на Астравеччыне (Гродзенская дыяцэзія).

Скончыў сярэднюю школу ў Варнянах. У 1977–1982 гадах вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Каўнасе.

6 чэрвеня 1982 г. у катэдры ў Каўнасе біскуп Людвік Павілоніс удзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

У першыя гады святарскага служэння быў вікарыем у Літве ў Свянцянах (1982 г.), Эйшышках (1982–1983 гг.), а потым пробашчам парафіі ў Падброддзі.

У лістападзе 1988 г. прыбыў у Ваўкавыск. Быў дэканам Ваўкавыскага дэканату і пробашчам парафіі св. Вацлава да самай смерці. Адышоў у вечнасць 9 ліпеня 2023 года.

Абноўлена 13.07.2023 14:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа