Пошук

03.07.2023 12:56   Catholic.by

30 чэрвеня Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэўся з прадстаяцелем Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

Сустрэча адбылася ў межах візіту высокага ватыканскага іерарха ў Беларусь з місіяй Спецыяльнага пасланніка Папы Францішка на ўрачыстасцях у гонар 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Арцыбіскупа Гуджэроцці суправаджаў на сустрэчы Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

На пачатку сустрэчы арцыбіскуп Гуджэроцці папрасіў благаслаўлення ва Уладыкі Веніяміна і адзначыў, што прыходзіць у памяшканне Беларускага Экзархату «як у пілігрымку», бо ў час свайго служэння ў якасці Апостальскага нунцыя ў нашай краіне неаднаразова сустракаўся тут з вялікім хрысціянскім падзвіжнікам Мітрапалітам Філарэтам, які зрабіў неацэнны ўнёсак у адраджэнне Царквы на нашай зямлі і ў развіццё братняга дыялогу паміж католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі і ў свеце.

Са спачылым Экзархам у арцыбіскупа Гуджэроцці склаліся прыязныя братэрскія адносіны, і, як прызнаўся сам прадстаўнік Папы, ён прасіў у Мітрапаліта Філарэта парады, якім чынам лепш выконваць сваю місію Апостальскага нунцыя ў Беларусі.

Падчас сустрэчы паміж арцыбіскупам Гуджэроцці і Мітрапалітам Веніямінам адбыўся абмен думкамі адносна сітуацыі ў свеце і ў хрысціянстве, які выявіў блізкасць пазіцый Каталіцкага Касцёла і Беларускай Праваслаўнай Царквы ў адносінах да найбольш вострых выклікаў сучаснасці, сярод якіх глыбокі крызіс духоўнасці, што вядзе да страты чалавечнасці.

У кантэксце апошніх падзей у свеце, бакі сцвердзілі неабходнасць паважаць правы Цэркваў і недапушчальнасць умяшальніцтва ў іх дзейнасць з боку свецкіх інстытутаў, што супярэчыць прынцыпу рэлігійнай свабоды і свабоды сумлення.

Прадстаўнік Папы і кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы звярнулі ўвагу на тое, што дзве вядучыя канфесіі Беларусі разам могуць зрабіць для ўмацавання міру і для таго, каб беларуская моладзь не страціла сапраўдных каштоўнасцяў і здолела творча працаваць дзеля будучыні сваёй краіны.

Акрамя таго, арцыбіскуп Гуджэроцці патлумачыў Мітрапаліту Веніяміну прычыны рашэння Папы Францішка аб прызначэнні Апостальскага адміністратара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі — супольнасці, дзейнасць якой знаходзіцца ў кампетэнцыі Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Пры гэтым прадстаўнік Папы запэўніў у безумоўнай павазе да Беларускай Праваслаўнай Царквы і ўвазе з боку Святога Пасаду да клопатаў і спадзяванняў яе вернікаў і іерархіі, а таксама ў гатоўнасці да працягу адкрытага дыялогу ў духу братэрства па ўсіх пытаннях, які ўяўляюць агульны інтарэс, дзеля хвалы Божай і збаўлення душаў.

Мітрапаліт Веніямін выказаў шэраг прапаноў у гэтым кірунку, якія будуць спрыяць далейшаму паглыбленню даверу і супрацоўніцтва паміж праваслаўнымі і католікамі.

Пасля шчырай і адкрытай размовы арцыбіскуп Гуджэроцці і Мітрапаліт Веніямін развітваліся як сябры і браты, аб’яднаныя любоўю ў Хрысце.

На развітанне яны абмяняліся падарункамі: прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы падараваў Прэфекту Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў кнігу, прысвечаную святыням і духоўнай спадчыне Беларусі, а той, у сваю чаргу, перадаў Патрыяршаму Экзарху медаль дзясятага года Пантыфікату Папы Францішка.

 

Абноўлена 03.07.2023 13:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа