30 чэрвеня, перад Імшой для пілігрымаў, да ўдзельнікаў Будслаўскага фэсту звярнуўся Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Папа Францішак прызначыў яго сваім Спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай з нагоды 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Апякункі Беларусі.
Перад гэтым высокі ватыканскі іерарх пешкі ўвайшоў у Будслаў разам з групай пілігрымаў. Пры палявым алтары яго прывітаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і папрасіў звярнуцца да прысутных са словам.
Арцыбіскуп Гуджэроцці пачаў сваю прамову па-руску, што выклікала вялікі энтузіязм удзельнікаў. Але, заўважыўшы, што католікі размаўляюць па-беларуску, працягнуў па-італьянску з перакладам на беларускую мову.
«Даражэнькія, Папа зрабіў мне вельмі цудоўны падарунак. Ён паслаў мяне сюды яшчэ раз пасля таго, як я ўжо быў з вамі чатыры гады раней. Ён сказаў мне, што я павінен прадстаўляць яго такім чынам, як быццам ён сам прысутны тут сярод вас. Я павінен зазірнуць вам у вочы, паглядзець, як вы моліцеся, а потым вярнуцца і распавесці Папу, які мяне чакае і жадае гэта ведаць. Таму я павінен быць вельмі ўважлівым да ўсяго таго, што мы будзем разам з вамі перажываць.
А вы ведаеце, чаму Папу так цікава даведацца пра вас? Таму што вы надзвычай прыгожы народ! І таму што Папа вас вельмі-вельмі моцна любіць! Ён ведае гісторыю вашага народа; усё, што вам давялося перажыць, усе вашыя цяжары, і хоча сказаць вам: „Я з вамі!“ І яшчэ ён хоча, каб я разам з вамі ўкленчыў перад нашай Маці Божай Будслаўскай. Таму што тут вы маеце скарб, які ведаюць ва ўсім свеце, які любяць ва ўсім свеце, які ён хацеў бы ўбачыць уласнымі вачыма, як мы яго бачым, але не можа.
І ёсць таксама шмат тых, якія мне напісалі: „Памаліцеся да Маці Божай за мяне“, бо яны не могуць сёння тут прысутнічаць. Таму прывітаем воплескамі ўсіх тых, якія чакаюць ад вас, каб вы сталі выразам той малітвы, якую яны ўзносяць здалёк.
Мяне суправаджаў сюды Апостальскі нунцый, Яго Эксцэленцыя монсіньёр Антэ Ёзіч. Мы размаўлялі з ім па тэлефоне шмат гадзін, і мне здаецца, што нават тэлефон не вытрымаў. А ведаеце, чаму мы так шмат гаварылі? Каб зрабіць так, каб гэтае цудоўнае свята атрымалася як мага прыгажэйшым і каб вы былі шчаслівымі.
Я дзякую вам за такое прыгожае сведчанне, якое вы далі вашым пілігрымаваннем. Ведаеце, што такое пілігрымка? Пілігрымка — гэта нашае жыццё. Яна распачынаецца, калі мы нараджаемся, і завяршаецца, калі паміраем. Часам мы падаем, але ж падымаемся. А ў канцы дарогі ведаеце, хто нас чакае? Маці Божая, Маці Божая Будслаўская, з раскрытымі абдымкамі, якая вытра слёзы кожнаму з вас і запаліць на вашых тварах усмешкі. Яна скажа вам: „Вітаю вас у Доме Айца! Вы прыходзіце з благаслаўлёнай зямлі: увайдзіце ж на благаслаўлёную зямлю Раю“.
Паколькі я ўжо немалады, я буду чакаць вас разам з Маці Божай і прывітаю вас па-беларуску ў Раі разам з Маці Божай.
Цяпер настаў момант веры. Настаў момант, калі трэба ўвайсці ўсярэдзіну, каб пачало прамаўляць сэрца. Цяпер настаў момант, калі Пан дае нам сваё Цела і сваю Кроў. Можаце ўявіць сабе штосьці настолькі вялікае?.. Езус тут, з вамі. Ад адной думкі пра гэта можна ад хвалявання паваліцца на зямлю.
Таму цяпер мой час скончыўся і распачынаецца час Бога. Старшыня вашай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ўзначаліць разам са сваімі сабратамі гэтую ўрачыстую літургічную цэлебрацыю і ўдзеліць вам благаслаўленне гэтага благаслаўлёнага Касцёла, які жыве на гэтай зямлі, і якім з’яўляецеся вы.
Вы — Касцёл. Вы — Цела Хрыста. Кожны з вас — часцінка Цела Хрыста. І, як кажа святы Аўгустын, неўзабаве атрымаеце тое, чым з’яўляецеся.
Памаліцеся таксама за Папу, які ўжо не зусім малады, але які сябе адчувае вельмі маладым. І часам нам даводзіцца яго стрымліваць, бо інакш ён занадта рухавы. Ён ніколі не хоча адпачываць, як і вы, хоць стаміліся, калі ішлі сюды. Убачымся заўтра на Імшы а 11-й гадзіне. Добрага вечара, добрай ночы малітвы, і я даручаю вас у поўныя любові рукі нашай нябеснай Матулі. Хвала Хрысту!»