Выдавецтва «Pro Christo» падрыхтавала каляндар на 2024 год «Маці Божая, маліся за нас!», прысвечаны цудадзейным, найбольш шанаваным у Беларусі абразам Панны Марыі, якія сёння, 28 чэрвеня, выстаўлены на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, дзе праходзіць агульная аўдыенцыя Папы Францішка.
Гэтыя абразы «ўдзельнічалі» ў малітоўна-пакутніцкай пілігрымцы і перэгрынацыі ўздоўж межаў Беларусі, якая адбылася ў 2021 годзе. Дзякуючы добраму плёну гэтай духоўнай акцыі перэгрынацыя копій цудадзейных абразоў атрымала свой працяг па ўсёй Беларусі, і да гэтага часу многія вернікі з радасцю і надзеяй сустракаюць іх у сваіх парафіях.
Побач з выяваю кожнага цудадзейнага абраза ў календары змешчаны адпаведныя малітвы да Маці Божай, а паколькі Марыя — асаблівая заступніца святароў, на другой і чацвёртай старонках вокладкі прапануюцца малітвы за іх.
У календары таксама змешчаны фотаздымкі біскупаў Беларусі з выявамі іх гербаў і іх біскупскімі дэвізамі.
Укладальнікі спадзяюцца, што карыстальнікі календара змогуць штодня адчуваць суправаджэнне Маці Божай на ўсіх іх жыццёвых шляхах, давяраючыся Ёй у шчырай малітве і крочачы з Ёю да адзінай сапраўднай мэты.
Набыць каляндар на 2024 год, які стане цудоўным сувенірам або падарункам, можна будзе на Будслаўскім фэсце ў кіёсках выдавецтва «Pro Christo» і Нацыянальнага санктуарыя.