З нагоды 410-годдзя з часу з’яўлення ў Будславе цудадзейнага абраза Маці Божай і 25-годзя з часу яго каранацыі, вучні нарацкай сярэдняй школы № 2 зрабілі відэападарунак жыхарам Мядзельскага раёна і ўсёй Беларусі.
Школьнікі падрыхтавалі анлайн-праект, у якім распавядаюць пра Будслаўскі фэст, які ў 2014 годзе асобна ад святыні папоўніў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, а ў лістападзе 2018 года ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай была ўключана ЮНЕСКА ў рэпрэзэнтацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Юнакі і дзяўчаты ў традыцыйных жоўтых хусцінках, у якіх ужо шмат гадоў ходзяць у пешую пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый у Будславе вернікі парафіі святога Андрэя, апостала, у Нарачы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат), па чарзе распавядаюць пра важную падзею, якая штогод адбываецца на тэрыторыі іх раёна.
Яны з гонарам знаёмяць гледачоў з гісторыяй цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, велічнага касцёла ў Будславе і пра свята, якое тут адзначаецца на пачатку ліпеня.
Свой відэапраект школьнікі размясцілі на YouTube-канале раённай газеты «Нарачанская зара».