18 чэрвеня Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў касцёле святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат) у 95-ю гадавіну пасвячэння гэтай святыні.
Велічная свірская святыня на пачатку мінулага стагоддзя была грунтоўна перабудавана, і ў выніку стары касцёл XVII стагоддзя стаў трансептам, або папярочнай навай новага, значна большага. Пасвячэнне перабудаванага касцёла здзейсніў 18 чэрвеня 1928 года тагачасны Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.
На пачатку цэлебрацыі з нагоды ўрачыстасці пасвячэння парафіяльнага касцёла біскупа Касабуцкага прывітаў шматгадовы пробашч парафіі ў Свіры ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі. Разам са сваімі вернікамі, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш, ён рупліва клапоціцца пра аднаўленне святыні, якая была моцна занядбаная ў савецкія часы, калі ў ёй знаходзілася прамысловае прадпрыемства, і патрабуе сур’ёзных рамонтных прац, якія вядуцца ўжо не адзін год.
Пасля святара да біскупа звярнуліся бацькі групы маладых людзей, якія асаблівым чынам рыхтаваліся да гэтага дня, каб прыняць канфірмацыю — сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
Юнакі і дзяўчаты сабраліся з трох навакольных парафій: святога Мікалая, біскупа, у Свіры, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Канстанцінаве (Мядзельскі дэканат) і парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль у Жукойнях-Жалядскіх (Астравецкі дэканат, Гродзенская дыяцэзія).
У цэлебрацыт ўзялі ўдзел дэкан Смаргонскі ксёндз Антоній Казлоўскі, пробашч парафіі святога Юды Тадэвуш ў Вішневе, пробашч канстанцінаўскай парафіі ксёндз Алег Мурзіч, іншыя святары.
У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі засяродзіўся на святыні як на доме Божым, які з’яўляецца таксама домам для кожнага верніка. Іерарх пажадаў усім, хто ў гэты дзень прымаў сакрамэнт канфірмацыі, заўсёды адчуваць сябе ў касцёле як дома.
«Калі вам будзе неабходна прыняць важнае рашэнне, калі не будзе з кім параіцца, прыйдзіце сюды, у ваш касцёл як у свой дом. Пабудзьце тут, паразмаўляйце з Езусам, які заўсёды вас выслухае і падкажа, як знайсці правільны шлях у жыцці», — заахвоціў біскуп.
Усяго ў гэты дзень у Свіры сакрамэнт канфірмацыі з рук біскупа Юрыя Касабуцкага прынялі 23 юнакі і дзяўчаты і дзве старэйшыя асобы.