У нядзелю 18 чэрвеня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч разам з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB наведалі парафію святога Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), дзе сёлета мясцовая парафіяльная супольнасць святкуе два юбілеі і дзве круглыя гадавіны.
400 гадоў таму ў горадзе была заснаваная першая каталіцкая парафія, 350 гадоў таму адбылося пасвячэнне першага касцёла, а тры дзесяцігоддзі таму адбылася дзяржаўная рэгістрацыя сучаснай парафіі святога Казіміра.
Так супала, што сёлета яе пробашч, ксёндз канонік Ігар Лашук адзначае 30-ю гадавіну святарства.
У прыгожым і велічным стаўбцоўскім касцёле, шпіль якога ўзвышаецца над усёю акругаю, арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю нядзельнай Эўхарыстыі. Перад Імшою арцыпастыр благаславіў змешчаную над цэнтральным парталам святыні керамічную выяву Маці Божай Міласэрнасці Вастрабрамскай.
На ўрачыстай святой Імшы сабралася вялікая колькасць вернікаў. У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх засяродзіўся на тэксце Евангелля, у якім Езус рассылае сваіх вучняў абвяшчаць людзям, што наблізілася Валадарства нябеснае і дзяліцца з імі дарамі ласкі.
«„Дарма атрымалі, дарма і давайце“, — кажа Езус апосталам, пасылаючы іх на місію. Той, хто дзеліцца з іншымі атрыманымі Божымі дарамі, жыве і атрымлівае яшчэ больш», — падкрэсліў іерарх. Ён дадаў, што гэты прынцып заўсёды актуальны ў духоўным жыцці і спрыяе пашырэнню Валадарства Хрыста ў свеце.
«400 гадоў таму у Стоўбцах, на берагах магутнага Нёмана, была заснавана парафія і пабудаваны касцёл. За сваю доўгую гісторыю ён перажыў шмат чаго. Войны і ліхалецце не разбурылі яго. Аднак у часы ганенняў у 1958 годзе старажытная святыня, помнік сакральнай архітэктуры, была знішчана. Вернікі павінны былі ехаць у іншыя месцы, каб атрымаць пастырсую паслугу святара.
Здавалася, што тут ужо ніколі не будзе гучаць Божае слова, не будзе цэлебравацца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты. Але немагчымае чалавеку, становіцца магчымым Богу. Тры дзесяцігоддзі таму ў горадзе была зарэгістравана парафія і пабудавана капліца, распачалася будова касцёла», — узгадаў арцыбіскуп Кандрусевіч гісторыю каталіцтва на Стаўбцоўскай зямлі, радзіме вялікага беларускага песняра Якуба Коласа.
Заслужаны іерарх прыгадаў таксама, як напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя сёстры назарэтанкі ў Гродне паціху яму сказалі, што студэнт Ігар Лашук марыць аб святарстве. «Ён добра бачыў і пражываў трагедыю народа, які заставаўся без пастыраў, і калі Хрыстус паклікаў, то сказаў сваё „так“ і пастукаўся ў дзверы духоўнай семінарыі ў Рызе.
Яшчэ будучы семінарыстам, падрыхтаваў першы „Кароткі катэхізіс“ на беларускай мове. Фармацыю да святарства завяршыў у салезіянскай супольнасці, дзе 15 чэрвеня 1993 года атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.
Працаваў у розных парафіях у Беларусі і таксама пэўны час у Расіі ў Саратаве, дзе над берагамі Волгі распачынаў адраджэнне Касцёла на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя», — адзначыў арцыпастыр, дадўшы што сваё служэнне на працягу трох дзесяцігоддзяў святар здзяйсняе не сваімі ўласнымі сіламі, а моцай Божай.
Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп звярнуўся да пробашча з наступнымі словамі: «Ксёндз Ігар, сёння ты разам з Божым Народам дзякуеш Богу за трыццаць гадоў святарскага служэння, перапрашаеш за хібы і недасканаласці і просіш благаслаўлення на будучыню.
Касцёл у Стоўбцах — гэта самы высокі будынак у горадзе. Няхай дзякуючы твайму служэнню людзі ў ім сустракаюць Бога і ўзрастаюць у дасканаласці, становяцца маральна высокімі, жывучы згодна з Евангеллем, і сваім жыццёвым арыенцірам выбіраюць Хрыста», — пажадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падмацаваўшы пажаданне малітваю праз заступніцтва апекуна стаўбцоўскай парафіі святога Казіміра, арханёла Міхала — нябеснага апекуна Касцёла ў Беларусі, і Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага ОР, чые рэліквіі ўзімку былі ўрачыста перанесены ў новазбудаваны стаўбцоўскі касцёл.
Са словамі віншавання да стаўбцоўскіх парафіянаў і ксяндза Ігара Лашука звярнуўся таксама біскуп Яшэўскі, а вернікі ад душы прывіталі і павіншавалі свайго пробашча.