27 мая, напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, сем’і з пастаўскіх парафій святога Антонія Падуанскага і Езуса Міласэрнага (Віцебская дыяцэзія) зладзілі баль.
Як паведамляецца на сайце Сatholicnews.by, у імпрэзе ўзялі ўдзел адзінаццаць сямейных пар.
Напачатку сем’і сабраліся на святую Імшу, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Святары разам з вернікамі маліліся аб шчодрых дарах Духа Святога для кожнага, узаемаразуменні і еднасці ў сем’ях, краіне, свеце.
У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч падкрэсліў, што сямейны баль — гэта ўнікальная падзея. Паводле пастыра, у наш імклівы час муж і жонка звычайна занятыя працай, выхаваннем дзяцей, іншымі справамі і, на жаль, амаль не могуць пабыць разам. Між тым для ўмацавання сям’і вельмі важна шанаваць сямейныя традыцыі. Баль — гэта магчымасць устанаўлення дыялогу паміж мужам і жонкай, абудзіць пачуцці.
Пасля Імшы свята працягнулася ў фае раённага Дома культуры. Гучала шляхетная музыка, галантныя кавалеры і прыгожа апранутыя дамы размаўлялі паміж сабой. Вядучыя балю Юлія Петухова, Сяргей і Святлана Івановы, Мікалай і Алеся Кісялёвы прывіталі гасцей, удзельнікаў, гледачоў.
Грацыёзна, урачыста і велічна першая пара задала тон астатнім.
Юрый і Валянціна Бакуновічы ўжо не ўпершыню прыехалі на баль з Мінска. У іх ужо дарослыя дзеці і ўнукі, але ўзрост пары не перашкаджае актыўна праводзіць час. Вольга і Уладзімір Бернякі з Нарачы, патанцаваўшы летась разам з пастаўчанамі, не прамінулі гэтую падзею і сёлета. Сяргей і Кацярына Чучковы — віцябчане і таксама пастаянныя ўдзельнікі сямейнага балю. Прызналіся, што шкадуюць, што такія мерапрыемствы ў іх абласным цэнтры не арганізуюцца.
Першымі сярод пастаўчан некалькі гадоў таму захапіліся балем Сяргей і Святлана Івановы, пабываўшы на аналагічным у Браславе. Падалі ідэю сваім знаёмым і знайшлі аднадумцаў. Валанцёры душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі і дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Ірына і Аляксандр Малочка з Віцебска, якія маюць вопыт арганізацыі такіх баляў, згадзіліся дапамагаць.
Урэшце ў 2018 годзе на Пастаўшчыне адбыўся першы баль. Яго зладзілі ў Навасёлкаўскім цэнтры культуры. Наступны правялі ў райцэнтры і прысвяцілі яго 10-годдзю фонду «Адкрытыя сэрцы». Вымушаны перапынак быў звязаны з пандэміяй каранавірусу, але летась традыцыю аднавілі. Сёлета пастаўчане арганізавалі мерапрыемства самі.
Большасць танцораў — шматдзетныя бацькі: маюць ад трох да шасці дзяцей.
Тым не менш знаходзяць час на рэпетыцыі, падрыхтоўку балю.
Кантрданс змяняў чарльстон, за імі — полька і зноў кантрданс. І які ж баль абыходзіцца без вальса?! Гэты танец выконваюць на выпускных балях, вяселлях, у сельскіх клубах. Існуе шмат відаў вальса: іспанскі, аўстрыйскі свінгавы, вальс-бастон, малы фігурны і іншыя. Кожны з іх пары выконвалі рамантычна і элегантна.
Біскуп Алег Буткевіч падзякаваў сем’ям за тую шчырую атмасферу, якую яны з стварылі.
Іерарх уручыў дыплом самай закаханай пары — Сяргею і Кацярыне Чучковым; пары, якая найлепш вальсуе, — Мікалаю і Святлане Ожэль, самаму галантнаму кавалеру — Сяргей Іванову, а таксама дырэктару раённага Дома культуры Але Чарнюк і харэографу Юліі Петуховай за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.