Пошук

15.10.2016 16:12  

З Уладзімірам Вайцяховічам мы сустракаемся пасля святой Імшы ў мінскім Чырвоным касцёле, дзе ён з’яўляецца кіраўніком групы Легіёна Марыі. Скіроўваемся ў лошыцкую капліцу Маці Божай Ружанцовай, каб памаліцца на ружанцы, а потым адправіцца евангелізаваць па кватэрах мікрараёна.

— Звычайна мы дзелімся на невялікія групкі па два чалавекі і выходзім евангелізаваць. Кожная група мае сваё асабістае заданне. Некаторыя, як мы з Вольгай, ходзяць па кватэрах. Іншыя — у шпіталі да хворых, — заўважае Уладзімір.

Легіянеры ходзяць на такую евангелізацыю раз на тыдзень. У асноўным гэта займае 1–2 гадзіны.

За размовамі не заўважаем, як набліжаемся да нашага прыпынку. У лошыцкай святыні нас чакае Езус Міласэрны ў сваім цудатворным абразе.

— Тут кожны дзень адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Я часта заходжу сюды памаліцца, — прызнаецца Уладзімір.


Кіраўнік групы легіянераў распавёў, што ніводная такая евангелізацыя не абыходзіцца без папярэдняй малітвы на ружанцы ў лошыцкай капліцы. Таму мы заходзім сюды, каб папрасіць дапамогі і падтрымкі ў Езуса Міласэрнага праз Яго Маці. У хуткім часе з’яўляецца легіянерка Вольга Гайковіч і далучаецца да малітвы, пасля якой мы ўсе разам ідзём ў адзін з вызначаных дамоў.

Каля пад’езда Уладзімір дастае маленькі сіні нататнік.

— Вы ўсё запісваеце? — пытаю я.

— Так, мы запісваем нумары дамоў, якія абышлі, — кажа Уладзімір.

— А таксама тыя, дзе не было гаспадароў,— дадае Вольга, — каб вярнуцца і евангелізаваць наступны раз.

Перад тым, як зайсці ў дом, Уладзімір праводзіць невялікую кансультацыю і просіць «схаваць камеру». Яно і зразумела, бо людзі вельмі насцярожана адносяцца да ўсялякіх «гасцей». Вялікі ўплыў на такія адносіны аказалі Сведкі Іеговы — аказалася, у Лошыцы іх вельмі шмат.

— Людзі ўжо настолькі прывыклі бачыць іх, што нас нярэдка з імі блытаюць, — распавядае Вольга.

Падыходзім да першай кватэры. Уладзімір націскае на кнопку званка: «Добры вечар, мы з касцёла, шукаем католікаў для мясцовай парафіі. Тут ёсць такія?» З-за дзвярэй чуецца невыразнае: «Не, тут усе праваслаўныя». Але дзверы ніхто не адчыняе. Дзякуем і ідзём далей. Аналагічная сітуацыя паўтараецца і ў другой кватэры.

«Маліся!» — заахвочвае мяне Вольга. І сапраўды ў думках пачынаю, бо справа пакуль не ладзіцца, але ўсё ж такі яна вельмі важная. Толькі ў чацвёртай кватэры нам шчасціць больш. Выходзіць мужчына ўжо даволі сталага ўзросту, я б сказала, даўняй савецкай закалкі.

Каля яго ног круціцца маленькі сабака, вельмі падобны да той-тэр’ера. Вітаемся і кажам, што мы з касцёла, на гэта наш герой адказвае, што з’яўляецца праваслаўным.

«У Бога верыце?» — пытае Уладзімір. «Ну, як сказаць… — мужчына доўга раздумвае і вагаецца. — І веру, і не».  «А да споведзі хадзілі?»

Маўчанне ў адказ, а потым рэпліка: «Ведаеце, распавядзеш святару грахі на споведзі, а раптам ён потым у ЧК настукае». Затым мужчына пачынае ўспамінаць пра савецкія часы, калі не дазвалялася верыць. Яго вочы напоўнены адначасова і надзеяй, і скептыцызмам.

Уладзімір выказвае сваё меркаванне, што савецкі час быў дадзены для таго, «каб людзі навучыліся любіць». Не буду пераказваць усіх падрабязнасцяў, але, бадай, аднымі з самых важных словаў, якія пачуў мужчына з вуснаў легіянераў, былі наступныя:

«Калі ў нас няма любові, то мы мёртвыя. Не важна, хто мы — праваслаўныя або мусульмане, нават калі мы атэісты; калі мы па-сапраўднаму любім — у нашай душы жыве Бог».

Напрыканцы невялікіх баталій на тэму рэлігіі Вольга дае мужчыну абразок Езуса Міласэрнага. Дарэчы, яго атрымлівае кожная сям’я, у якую прыходзяць легіянеры. Дзяўчына распавядае гісторыю абраза і падкрэслівае, што Езус чакае кожнага чалавека, нават таго, хто мае вельмі цяжкія грахі. Самымі радаснымі з гэтай сустрэчы былі словы мужчыны напрыканцы размовы: «Бог ёсць, я ведаю».
З усмешкамі і непрыхаванай радасцю ідзём далей.

«Пане Езу, што мне рабіць далей?»

Уладзімір Вайцяховіч стаў легіянерам каля дваццаці гадоў таму, пасля таго, як перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва.

«Пэўны час я хадзіў у касцёл, спавядаўся, маліўся, але мне гэтага было недастаткова. Моцна хацелася яшчэ як-небудзь сябе рэалізоўваць. І аднойчы пасля прыняцця святой Камуніі я ў думках спытаўся ў Езуса: «Пане Езу, што мне рабіць далей?» У сэрцы пачуў: «Далей ты павінен ісці з Марыяй». Я зразумеў, што гэты шлях будзе вельмі надзейным. У мінскай катэдры я ўбачыў аб’яву пра Легіён Марыі і падумаў: «Вось, гэта тое, чаго я шукаў».

У некаторых кватэрах ніхто не адазваўся і не адчыніў дзверы. Відаць, гаспадароў не было дома.

Шчасцем было сустрэць католікаў. У адной з кватэр нам адчыніў Аляксандр, парафіянін лошыцкай капліцы. Мужчына прызнаўся, што моліцца і ходзіць разам з сям’ёй у касцёл, а вось Ружанец маліцца разам атрымліваецца не заўсёды.

— Калі сям’я моліцца на ружанцы, то гэта вельмі яе ўмацоўвае, — падкрэслівае Уладзімір і заахвочвае Аляксандра практыкаваць гэтую малітву.

Распавёўшы пра дзейнасць Легіёну, Уладзімір узгадаў гісторыю цудоўнага медаліка Маці Божай і падарыў Аляксандру буклет, а таксама некалькі медалікаў Маці Божай для ўсіх членаў сям’і.

Ідзём далей...

З-за дзвярэй чарговай кватэры чуецца дзявочы голас:

— Хто вы?

— Мы — католікі. Шукаем вернікаў для мясцовай парафіі. Можа, у вас ёсць такія?


Хутка дзверы адчыняюцца і на парозе з’яўляецца дзяўчына ў цяльняшцы. Паліна аказваецца мясцоваю парафіянкаю і прызнаецца, што кожную нядзелю ходзіць у касцёл...

Працяг у часопісе «Авэ Марыя»
(кастрычнік 2016)


Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа