Пошук

31.05.2023 06:56   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

У нядзелю 28 мая ў Бараўлянах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход) адбылася гістарычная падзея: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў групе мясцовых вернікаў сакрамэнт канфірмацыі і назаўжды перадаў парафію пад апеку салезіянскага таварыства. 

Літургічны ўспамін Марыі Успамогі Хрысціянаў прыпадае на 24 мая, але сёлета парафіяльны фэст у Бараўлянах, што пад Мінскам, быў перанесены на нядзелю спаслання Духа Святога.

У гэты дзень у бараўлянскай парафіі 22 асобы прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці, які ім удзяліў арцыбіскуп Станеўскі.

Вернікі прывіталі арцыпастыра на ганку святыні традыцыйным караваем, а таксама папрасілі ўдзяліць усім благаслаўленне рэліквіямі заснавальніка салезіянскага таварыства святога Яна Боско.

Перад пачаткам Эўхарыстыі пробашч парафіі ксёндз Казімір Шыдэлка SDB прывітаў арцыбіскупа Станеўскага.

Душпастыр заўважыў, што, як калісьці Ян Павел ІІ цалаваў зямлю тых мясцін, куды прыбываў падчас апостальскіх паджарожжаў, так і арцыбсікуп Юзаф «пацалаваў» бараўлянскую зямлю, благаславіўшы яе рэліквіямі святога апостала моладзі.

Святар таксама прывітаў сваіх сабратоў салезіянаў, якія пажадалі падзяліць радасць свята з бараўлянскімі парафіянамі: дэкана дэканату Мінск-Усход і дырэктара салезіянскай супольнасці ў Мінску ксяндза Аляксандра Мятліцкага SDB і дырэктара салезіянскай супольнасці ў Бараўлянах ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB.

У прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што вернікам патрэбны Дух Святы: моцны і праўдзівы. Паводле іерарха, тыя, хто прымае Яго ў сакрамэнце канфірмацыі, павінны, як апосталы, мець адвагу бараніць і распаўсюджваць сваю веру.

«Мы павінны імкнуцца да святасці і даць магчымасць іншым таксама знайсці дарогу да збаўлення. Калі я спазнаю Езуса Хрыста, то не магу захаваць Яго толькі для сябе, і гэта ўжо не маё рашэнне. Ён, калі знаходзіцца ў нас, то сам заахвочвае і падбадзёрвае, каб мы ішлі і неслі свету Евангелле; неслі свету сапраўднае Святло і скіроўвалі кожнага чалавека да Збаўцы», — падкрэсліў арцыпастыр.

Пасля гаміліі адбыўся сакрамэнт канфірмацыі. Напрыканцы Імшы вернікі, якія атрымалі дары Духа Святога, падзякавалі арцыбіскупу Станеўскаму за ўдзелены сакрамэнт і супольную малітву, а таксама сваім катэхэтам і святарам, якія на працягу года рыхтавалі іх да гэтай важнай падзеі.

Урачысты дзень назаўжды ўвайшоў у гісторыю бараўлянскай парафіяльнай супольнасці.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі спачатку паказаў вернікам, а потым перадаў у рукі пробашча дакумент, якім зацвярджаецца, што парафія Маці Божай Успамогі Хрысціянаў пераходзіць пад пастаянную апеку салезіянскага таварыства «на вечныя часы».

Гэтым урачыстым актам завяршылася святая Імша.

Свята працягнулася ў араторыі, які дзейнічае пры парафіі.

Парафіяльная моладзь пад кіраўніцтвам сястры Дар’і Еўтухоўскай FMA падрыхтавала святочную праграму і тэатральную пастаўноўку пра адзін са сноў ксяндза Боско пра каштоўнасць Эўхарыстыі і пашаны да Маці Божай.

      

 

Абноўлена 31.05.2023 18:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця