Пошук

29.05.2023 21:02   Тэкст і фота: Дар’я Купцова / Catholic.by

24 мая ў парафіі святога Яна Хрысціцеля, што ў мікрараёне Серабранка ў Мінску, сталічная салезіянская сям’я і парафіяне адсвяткавалі ўрачыстасць Марыі Успамогі хрысціянаў.

На свята быў запрошаны арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх падкрэсліў, што месяц май з’яўляецца Марыйным не толькі таму, што традыцыйна ў гэты час вернікі моляцца Ларэтанскую літанію, але таксама і таму, што гэта адзіны ў годзе месяц, калі Касцёл ажно тры разы адзначае Марыйныя святы: 13 мая — Маці Божай Фацімскай, 24 мая — Марыі Успамогі хрысціянаў і 31 мая — Адведзіны Марыяй святой Альжбеты.

«Набажэнства ў гонар Маці Божай Успамогі хрысціянаў сваімі каранямі сягае да першых стагоддзяў хрысціянства. Яно было вельмі моцна развіта святым Янам Боско, які выбраў Яе як Апякунку заснаванай ім салезіянскай супольнасці», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён дадаў, што шматлікія тытулы Марыі сведчаць пра любоў і пашану вернікаў да Божай Маці: пад рознымі тытуламі яны звяртаюцца да Маці Божай, молячы Яе аб заступніцтве і даручаючы Ёй свае просьбы і клопаты.

«У наш час вельмі небяспечных выклікаў і страху за будучыню, калі свет паволі знішчае сябе, а Касцёл, як карабель Пятра, знаходзіцца на ўзбураных хвалях акіяну амаральнасці, усё часцей узнікае пытанне: у каго шукаць дапамогі? Касцёл указвае на Хрыста і Марыю як Успамогу хрысціянаў.

Паводле святога Яна Боско, неабходна шукаць паратунку ў дзвюх надзейных гаванях: Эўхарыстыі і Мрыі, Успамозе хрысціянаў», — падкрэсліў іерарх.

Удзельнікаў святочнай цэлебрацыі ў Серабранцы ён заахвоціў дзякаваць Богу за тое, што ў асобе Марыі даў сваім дзецям Маці, якая заступаецца за іх. Арцыпастыр таксама заклікаў даць адказ на пытанне, ці Марыя займае належнае Ёй месца ў нашым жыцці і ці верым мы ў Яе заступніцтва.

«Насуперак сучаснай постхрысціянскай культуры, якая культывуе прамінальныя зямныя каштоўнасці, выклікаючы пачуццё няўпэўненасці ў заўтрашнім дні і недавер да іншых людзей, Марыя выбрала не тое, што часовае, а тое, што вечнае.

Яна выхоўвае нас такім чынам, каб мы па Яе прыкладу зрабілі правільны выбар, каб не імкнуліся да часовых задавальненняў і матэрыяльных дабротаў любым коштам, але перадусім каб клапаціліся пра духоўныя каштоўнасці і былі гатовыя, як Яна, служыць бліжнім. У Божым плане валадарыць азначае служыць і дапамагаць патрабуючым», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч, зазначыўшы, што «Хрыстус стаў Каралём, бо прынізіў сябе і стаў слугою збаўлення, а Марыя стала Каралевай, бо Яна — Слуга Пана і бліжняга».

Гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў кароткай малітвай-заклікам: «Марыя, Успамога хрысціянаў, выпрасі ў свайго Сына ласку па Тваім прыкладзе быць паслухмянымі натхненням Святога Духа, не зводзіць усё да часовых спраў, але шукаць вечных каштоўнасцяў, каб потым падзяляць з Табою радасцю вечнага шчасця ў небе».

Пасля Імшы адбылася працэсія вакол касцёла з фігурай Маці Божай Успамогі хрысціянаў.

Свята працягнула супольная вячэра, на якой за супольным сталом сабраліся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіча разам з салезіянамі і моладдзю. Паводле салезіянскай традыцыі, арцыпастыр пакінуў для ўсіх «думку на добрую ноч» і завяршыў вечар супольнай малітвай.

 

Абноўлена 29.05.2023 22:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа