Пошук


21 мая ў катэдральным касцёле Найсвяцйешага Імя Марыі ў Мінску адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі, якую больш за паўсотні дзяцей удзяліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У Сёмую Велікодную нядзелю святочна апранутыя хлопчыкі і дзяўчынкі сабраліся разам са сваімі бацькамі перад уваходам у галоўную святыню сталіцы. Яны старанна падрыхтаваліся да гэтай важнай падзеі ў сваім жыцці, на працягу двух гадоў наведваючы заняткі па катэхезе, а напярэдадні ўпершыню ў жыцці прыступілі да споведзі.

Прывітаўшы дзяцей і іх бацькоў, арцыпастыр акрапіў іх асвячонай вадой, а пасля увёў у касцёл, дзе ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім падкрэсліў, што Першая Камунія — гэта «свята саміх дзяцей, якія паспяхова прайшлі падрыхтоўку, здалі экзамены, былі ў споведзі і першы раз у Эўхарыстыі прымуць у свае сэрцы Езуса. Гэта таксама свята бацькоў і ўсіх блізкіх, катэхетаў, святароў і ўсёй парафіі.

Новая група маладых хрысціянаў распачынае актыўны і поўны ўдзел у Эўхарыстыі, бо мае права прымаць Езуса ў святой Камуніі», — сказаў заслужаны іерарх.

Ён звярнуў увагу ўдзельнікаў цэлебрацыі на прачытаны ўрывак з Евангелля пра двух вучняў Езуса, якія сустрэлі Яго па дарозе ў Эмаўс. Напачатку яны Яго не пазналі, калі Ён тлумачыў ім прароцтвы пра прыйсце Збаўцы, Яго цярпенні і смерць. Толькі на Эўхарыстыі яны пазналі Езуса, і пасля хуценька пабеглі назад, у Ерузалем, каб абвясціць гэта іншым вучням.

«Сёння гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі ўпершыню сустрэнуцца з Езусам у Эўхарыстыі, каб яшчэ лепш Яго пазнаць. Гэта будзе іх асабістая сустрэча са Збаўцам, Які іх любіць», — заўважыў арцыбіскуп, дадаўшы, што Езус прыходзіць да нас у Эўхарыстыі, каб мы маглі Яго пазнаць і духоўна ўмацавацца.

«Як штодзённы пасілак патрэбны для таго, каб мы маглі фізічна жыць, таксама патрэбны і духоўны пасілак, каб мы маглі жыць духоўна. Гэтым пасілкам з’яўляецца святая Камунія», — падкрэсліў іерарх, заклікаўшы дзяцей як мага часцей прымаць удзел у Імшы і прыступаць да святой Камуніі, а бацькоў дапамагаць ім у гэтым.

«Кожную нядзелю і кожнае свята без важнай прычыны нельга прапусціць святую Імшу. Уся сям’я павінна прымаць у ёй удзел. Гэта будзе добры прыклад бацькоў, якія для дзяцей з’яўляюцца найбольшым аўтарытэтам», — настаўляў арцыпастыр.

Пры гэтым ён адзначыў, што першай споведдзю і Камуніяй не можа завяршыцца духоўная фармацыя дзяцей: яе неабходна працягваць далей.

Арцыбіскуп нагадаў, што пасля таго, як вучні з Эмаўса пазналі Езуса, то пабеглі ў Ерузалем, каб расказаць пра гэта іншым вучням. «Таксама поўныя радасці ад сустрэчы з Езусам, дзеці павінны браць прыклад з апосталаў і распавядаць іншым пра ўдзел у Першай Камуніі і сустрэчу з Езусам у Эўхарыстыі. Тады яны стануць маленькімі місіянерамі, каб дапамагчы іншым сустрэць Езуса», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На заканчэнне святой Імшы дзеці і бацькі падзякавалі арцыпастыру за ўдзеленую Першую Камунію, а пробашчу парафіі, ксяндзу каноніку Антонію Клімантовічу і катэхетам — за падрыхтоўку і клопат пра іх.

Пасля Эўхарыстыі пробашч запрасіў усіх на пачастунак, які стаў радасным працягам парафіяльнага свята.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.