Пошук

12.05.2023 10:46   Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by
Фота: ave-maria.by

У майскім нумары часопіса «Ave Maria» (№ 5 (338) 2023) большасць матэрыялаў прысвечана Маці Божай, а таксама Яе Фацімскім аб’яўленням.

Ніжэй пададзены кароткі агляд матэрыялаў нумара, размешчаны на сайце выдання ave-maria.by.

«Паколькі свет страціў Хрыста, не выключана, што ён верне Яго праз Марыю. <…> Божы Провід даў жанчыне сілу перамагаць зло», — напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у артыкуле «Фацімская місія не завяршылася», заахвочваючы чытачоў зноў звярнуцца да Фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай і далучыцца да справы збаўлення свету, сябе і нашых блізкіх праз набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. Тэматычна ўвесь майскі нумар часопіса працягвае раскрываць гэтую тэматыку — «такую нам блізкую, невычэрпную і заўсёды актуальную», як напісала Крыстына Лялько ва ўступным слове рэдактара «Каралева супакою, маліся за нас!».

Пра асноўныя просьбы Панны Марыі, апісаныя візіянеркай з Фацімы сястрой Люцыяй, распавядаецца ў артыкуле «Азы фацімскай духоўнасці» (пераклад з польскай Наталлі Дарашкевіч).

«Замест таго каб наракаць на свае цярпенні, Маці Божая заклікае ахвяраваць іх за навяртанне грэшнікаў, замест таго каб ненавідзець, блытаючы грэх і грэшнікаў, просіць звяртацца да Бога ўсім сэрцам, якія б эмоцыі там ні віравалі», — адзначыла Тэрэса Клімовіч у эсэ «Заўсёды актуальнае пасланне», прысвечаным разважанню пра руцінную малітву за навяртанне грэшнікаў.

Практыку асаблівага ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі ў парафіі Маці Божай Успамогі хрысціянаў у пасёлку Лясным апісвае Марыя Мяжэвіч («Месца асаблівага ўшанавання Маці Божай»). Парафіянка распавядае таксама пра жыццёвы шлях пробашча ксяндза Казіміра Шыдэлкі, у якім вялікая пабожнасць да Панны Марыі сфармавалася яшчэ ў дзяцінстве.

Ва ўсіх шасці сваіх фацімскіх аб’яўленнях Марыя прасіла аб малітве на ружанцы.

Галіна Горская ў артыкуле «Сусветная Асацыяцыя Жывога Ружанца» распавядае пра тое, як далучыцца да гэтай арганізацыі, якая аб’ядноўвае мільёны вернікаў у свеце і моліцца ў найважнейшай інтэнцыі — аб трыумфе Беззаганнага Сэрца Марыі.

Глыбока і пранікнёна пра тытулы Маці Божай разважаюць ксёндз Андрэй Рылка ў артыкуле «Як разумець заклікі Ларэтанскай літаніі да Маці Божай» і айцец Юрый Кулай OCD у матэрыяле «Аздараўленне хворых».

Чытачоў таксама чакаюць цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Сведчанне», «Старонка касцёльнага суддзі», «Старонка псіхолага» і іншыя. На апошніх старонках вокладкі прапануюцца «Малітвы набажэнства першых суботаў месяца».

Абноўлена 12.05.2023 10:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.