8 кастрычніка ў Манака, дзе ў гэтыя дні праходзіць пасяджэнне Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы (далей — ККБЕ), у першай палове дня будзе абраны новы прэзідыум.
Беларускі епіскапат у адсутнасць Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на выбарах будзе прадстаўляць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч плануе далучыцца да працы Рады ў суботу у другой палове дня. Напярэдадні іерарх вымушаны быў адкласці свой візіт у Манака, атрымаўшы запрашэнне ў авальную залу Дома ўраду, дзе 7 кастрычніка праходзіла сустрэча дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі пятага і шостага скліканняў з кіраўніком дзяржавы.
У каментарыі Catholic.by Мітрапаліт адзначыў, што запрашэнне прысутнічаць на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з парламентарыямі ў Доме ўраду ён атрымаў упершыню, таму не мог адмовіцца.
Таксама па тэме:
З правам голасу замест старшыні беларускага епіскапата ў Манака быў дэлегаваны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У епіскапаце Беларусі іерарх выконвае функцыі старшыні Рады па сродках масавай камунікацыі і старшыні Камісіі па справах духавенства.
Ці можа беларускі біскуп узначаліць Раду ККБЕ?
Прэзідыум ККБЕ утвараюць прэзідэнт Рады ККБЕ і два віцэ-прэзідэнты, якія выбіраюцца тэрмінам на пяць гадоў і адзін раз могуць быць пераабранымі.
Апошні раз выбары ў прэзідыум біскупскіх канферэнцый праходзілі 10 гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу.
«У працы ККБЕ ёсць свая традыцыя: прэзідэнт Рады біскупскіх канферэнцый выбіраецца па чарзе з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ды з Заходняй Еўропы, — дадае арцыбіскуп Кандрусевіч. — Сённяшні прэзідэнт ККБЕ — прымас Венгрыі кардынал Петэр Эрдо — паходзіць з Цэнтральна-Усходняй Еўропы, таму, верагодна, трэба чакаць, што новым прэзідэнтам стане біскуп з Заходняй Еўропы».
Беларускі іерарх бачыць у гэтым аднак не правіла, а традыцыю, якая склалася з гадамі.
Што абмяркоўваюць на пасяджэнні ККБЕ?
Цэнтральнымі тэмамі для абмеркавання на пленарным пасяджэнні Рады ККБЕ сёлета сталі пытанні выклікаў для Еўропы, дыскрымінацыі хрысціян і дыялогу з Праваслаўнай Царквой.
Таксама ўпершыню ў гісторыі ККБЕ на яе пасяджэнні прымаюць удзел прадстаўнікі іншых кантынентаў, якія выступаюць з дакладамі пра стан рэлігіі і Касцёла ў іх краінах.
«Адной з найважнейшых тэм стане і пытанне міграцыі насельніцтва, якую таксама абмяркуюць еўрапейскія іерархі, — распавёў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Напрыклад, у Вялікабрытаніі на сёння зарэгістравана 280 (!) польскіх супольнасцяў, кожная з якіх патрабуе душпастыра...»
Таксама, паводле слоў беларускага мітрапаліта, біскупы абмяркуюць сустрэчу Пантыфіка з Патрыярхам Кірылам у Гаване і падзеляцца рэакцыяй на гэту сустрэчу ў сваіх краінах.
Што такое ККБЕ?
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Еўропы — арганізацыя, якая ставіць за мэту развіццё сумеснай працы каталіцкіх біскупаў у Еўропе. Створаная ў 1971 годзе, сёння яна налічвае 39 удзельнікаў.
Сярод іх — 33 старшыні мясцовых епіскапатаў, а таксама арцыбіскуп Люксембурга і княства Манака, прадстаўнік Малдовы, Кіпра, трох каталіцкіх касцёлаў Украіны, а таксама апостальскі адміністратар Эстоніі — у гэтых краінах, за выключэннем Украіны, сёння няма паўнавартасных Канферэнцый Біскупаў.
У праграме працы Рады ККБЕ сярод іншага прадугледжана сустрэча з князем Манака Альбертам ІІ.