Пошук

10.05.2023 15:55   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Фота: Таццяна Ефіменка / Catholic.by

8 мая адбылася традыцыйная, ужо 28-я аднадзённая пешая пілігрымка з Пінска да санктуарыя Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.

Штогадовыя пілігрымкі з пінскага катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі да цудадзейнай іконы Маці Божай у Лагішыне аднавіліся на пачатку 1990-х гадоў.

Пілігрымаванне менавіта ў месяцы маі звязана з памяццю аб знакавай падзеі для ўсё Пінскай дыяцэзіі: 10 мая 1997 года кардынал Казімір Свёнтэк увянчаў лагішынскую выяву Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках адмысловымі каронамі, якія Папа Ян Павел ІІ благаславіў, ўпаўнаважыўшы кардынала ад яго імя здзейсніць акт ушанавання Багародзіцы. Тады ж афіцыйна быў зацверджаны тытул Маці Божай у лагішынскай выяве як Каралевы Палесся і Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

Сёлетняя майская пешая пілігрымка сабрала больш за паўтары сотні ўдзельнікаў не толькі з парафій горада Пінска, але таксама вернікаў з іншых гарадоў Пінскай дыяцэзіі: з Баранавічаў, Брэста, Гомеля, Жлобіна, Мазыра, Петрыкава і іншых мясцін. Сваёй прысутнасцю, малітвай і дапамогай пілігрымку ўзбагацілі семінарысты першага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі на чале з ксяндзом Паўлам Эйсмантам. У дарозе пілігрымаў вельмі гасцінна віталі вернікі парафіі святой Ганны ў вёсцы Крыўчыцы.

Цэлебрацыю святой Імшы на завяршэнне пілігрымкі ў санктуарыі Маці Божай у Лагішыне ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з біскупам літургію цэлебраваў Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі. Гамілію да прысутных прамовіў айцец Леанард Адушкевіч OSPPE, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі. Святар нагадаў усім сабраным пра тое, што ў гэтым годзе лагішынскі касцёл-санктуарый адзначае 110-годдзе з дня яго пасвячэння.

Айцец Леанард заахвоціў сабраных з дапамогай малітвы да Маці Божай Марыі паглыбляць дары, што вынікаюць з прынятага сакрамэнту святога хросту, а таксама быць сведкамі Божай любові ў сучасным свеце.

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч лагішынскай парафіі і кусташ санктуарыя ксёндз Андрэй Шут запрасіў усіх пілігрымаў на традыцыйныя летнія пілігрымкі да Маці Божай Лагішынскай з Баранавічаў і Бярозы, якія ў гэтым годзе запланаваныя на 8–11 жніўня. Фэст Каралевы Палесся сёлета плануецца на 11–12 жніўня, аб чым будзе дадаткова паведамлена пасля атрымання неабходных дазволаў.

Абноўлена 10.05.2023 15:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця