Пошук

08.05.2023 14:40   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Павел Догель / Grodnensis.by

4 мая ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскім) у Гродне адбылася святая Імша ў інтэнцыі ксяндза прэлата Ежы Лявінскага ў першую гадавіну яго смерці.

У святыні, што знаходзіцца непасрэдна пры Гродзенскай духоўнай семінарыі, якой ксёндз Ежы прысвяціў значную частку свайго жыцця і служэння, на малітве за спачылага святара сабраліся вернікі, духавенства і семінарысты. Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі адзначыла, што прысутныя дзякавалі Богу за дар руплівага душпастыра, які з самага ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі служыў мясцоваму Касцёлу.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, з якім канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а таксама святары, многія з якіх, як і арцыбіскуп Станеўскі, з’яўляюцца выхаванцамі ксяндза Ежы Лявінскага.

У гаміліі арцыбіскуп Станеўскі ўзгадаў спачылага як руплівага святара, які быў патрабавальным найперш да сябе, а таксама ставіў патрабаванні да іншых.

Пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адзначыў, што ксёндз прэлат усё жыццё «даваў людзям Бога», «дзяліўся сваёй верай», «укараняў культ Божай Міласэрнасці», a таксама быў «адданым спаведнікам».

Aрцыбіскуп падкрэсліў, што ксёдз Ежы назаўжды ўвайшоў гісторыю Гродзенскай дыяцэзіі і сям’і духоўнай семінарыі ў Гродне, якой прысвяціў 32 гады.

Таму, па словах іерарха, трэба нястомна дзякаваць Пану Богу за дар гэтага святара, які клапаціўся аб развіцці мясцовага Касцёла і аб будучыні семінарыі.

Пасля Імшы духавенства і вернікі скіраваліся на старыя каталіцкія могілкі, дзе памаліліся на месцы пахавання ксяндза Ежы, і дзе адбылося благаслаўленне яго помніка.

Ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі нарадзіўся 2 студзеня 1930 г. у Дзятлаве. Разам з сям’ёй быў вывезены ў Сібір. Вышэйшую духоўную семінарыю скончыў у Сандаміры (Польшча), у тым жа горадзе 29 мая 1955 г. біскуп Ян Лорка ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

У савецкія часы ездзіў на душпастырскую працу ў Беларусь, Расію і Казахстан, дзе па меры магчымасці абвяшчаў Евангелле, цэлебраваў Імшу, спавядаў.

Пасля шасці гадоў душпастырскага служэння быў скіраваны на вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, пасля заканчэння якога абараніў кандыдацкую дысертацыю па кананічным праве.

З 1968 па 1990 год працаваў у дыяцэзіяльнай курыі ў Сандаміры. З пачатку існавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне быў яе выкладчыкам, некаторы час — прэфектам.

З’яўляўся Ганаровым капэланам Яго Святасці, Грэміяльным канонікам Сандамірскага капітулу, Ганаровым канонікам Гродзенскага капітулу.

Адышоў у вечнасць 3 мая 2022 г. у Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця