Пошук

28.04.2023 15:13   с. Марцэліна Мігач ISSM / Catholic.by

27 красавіка адбыўся Пленарны сход Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Месцам сустрэчы кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў нашай краіне, гэтым разам стаў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску.

Пленарнае пасяджэнне распачалося з супольнага перажывання святой Імшы. Цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У канцэлебры таксама супольна маліўся біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які з’яўляецца адказным за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Арцыбіскуп Станеўскі прамовіў Божае слова, у якім нагадаў вучэнне Папаў Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка адносна кансэкраваных асоб і іхняга асаблівага паклікання да святасці праз абяцанні чыстасці, паслухмянасці і ўбоства, што робіць манаскае жыццё падобным да Хрыстовага.

Іерарх таксама звярнуў увагу на каштоўнасць выкарыстанне «цягліц твару», маючы на ўвазе ўсмешку, праз якую кансэкраваная асоба можа прыцягваць да Бога людзей.

Пасля заканчэння Эўхарыстыі распачалося працоўнае пасяджэнне Пленарнага схода, на якім да сабраных далучыўся Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч. На пачатку пасяджэння ва ўступнай прамове прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне падкрэсліў важнасць Пленарнага сходу як прасторы дзялення вопытам і лепшай каардынацыі манаскага жыцця ў мясцовым Касцёле.

Арцыбіскуп Ёзіч падкрэсліў таксама, што манаскае жыццё мае асаблівае заданне і ролю: праз атрыманыя харызмы і поўнае прысвячэнне Пану ўзбагачаць і будаваць Касцёл, а таксама станавіцца сведчаннем Касцёла.

Апостальскі нунцый заўважыў, што манаскія асобы існуюць не для саміх сябе або для сваіх манаскіх інстытутаў, але ў Касцёле і для Касцёла.

Наступны прамоўца, якім быў біскуп Яшэўскі, звярнуў увагу настаяцеляў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў на сферу пастаяннай фармацыі, якая з’яўляецца бесперапынным ростам, што ўключае ў сябе пазнаванне і прыманне новых элементаў, павышэнне прафесійных навыкаў і развіццё для служэння ў рэальным жыцці.

Іерарх таксама падкрэсліў важнасць ініцыятыў, якія арганізуе Каардынацыйная група манаскіх супольнасцяў дзеля пастаяннай фармацыі.

Выслухаўшы прамовы іерархаў, удзельнікі распачалі працоўную частку пасяджэння, дзе была прадстаўлена дзейнасць Рады Каардынацыйнай групы, падзеі і мерапрыемствы. Акрамя таго, былі абмеркаваны бягучыя справы, праведзены выбары новых радцаў ад Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама вырашаны іншыя арганізацыйныя пытанні.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў прыцягнула прэзетацыя ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB і Анрэя Каралёва, якая стала падвядзеннем вынікаў адукацыйнага года па Праекце павышэння кампетэнцый кансэкраваных асоб, дзе былі прадстаўлены ўдзельнікі, а таксама тэматыка працоўных груп і перспектывы развіцця, якому спрыяе гэтая фармацыйная праграма.

Напрыканцы была дадзена магчымасць выказацца кожнаму з удзельнікаў, задаць пытанні іерархам і пачуць прапановы з іхняга боку. У цэлым клімат на сустрэчы быў створаны крэатыўны і працоўны.

Развітваючыся, удзельнікі выказвалі спадзяванне, што гэтая сустрэча прынясе добры плён для манаскага жыцця ў Беларусі і для ўсяго Касцёла ў нашай краіне.

Пленарны сход завяршыўся супольнай малітвай і благаслаўленнем, якое ўдзялілі сабраным прысутныя іерархі.

Абноўлена 28.04.2023 21:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця