Пошук

17.04.2023 15:27   Фота: Антон Насовіч / Catholic.by

16 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў Ліду (Гродзенская дыяцэзія), дзе ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць у парафіі Божай Міласэрнасці, што ў новым лідскім мікрараёне Маладзёжны.

На заканчэнне сустрэчы адбылася вялікая нечаканасць: прадстаўнік парафіяльнай Рады Віталій Баркоўскі зачытаў і ўручыў Апостальскаму нунцыю ліст, у якім вернікі парафіі запрасілі Святога Айца Папу Францішка наведаць Беларусь і іх супольнасць.

«Адважваемся звярнуцца да Вашай Святасці праз пасрэдніцтва Апостальскага нунцыя ў нашай краіне, найдастойнейшага арцыбіскупа Антэ Ёзіча, з запрашэннем наведаць Беларусь і нашу сціплую парафію Божай Міласэрнасці ў Лідзе і ўмацаваць нас Апостальскім благаслаўленнем і супольнай малітвай да Бога.

Упэўнены, што гэтае запрашэнне рэхам паўтараюць усе вернікі Ліды і ўся каталіцкая Беларусь, — сказана ў лісце. — Дакладна ўсведамляем, які далёкі і складаны шлях з Ватыкана ў Беларусь: і гэта не пра рэкі і горы, якія трэба пераадолець, але пра межы, якія дзеляць чалавечыя сэрцы. <…>

Мы не палітыкі, не ўплывовыя асобы — мы простыя людзі, якія ад продкаў атрымалі скарб веры, а разам з ім і вернасць Наступніку Святога Пятра; трываць у ёй — наш гонар.

Быць можа, Божаму Провіду не хапала толькі гэтага нясмелага запрашэння ад звычайных людзей, каб ногі Вашай Святасці маглі ступіць на зямлю нашай любай Беларусі», — было сказана ў звароце, які разам з пробашчам парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе ксяндзом канонікам Андрэем Зноскам ад імя парафіянаў падпісалі старшыня Парафіяльнай рады Леон Муліца і Анастасія Жэмайтук. Ліст быў перададзены ў прысутнасці Біскупскага вікарыя для Лідскага рэгіёна Гродзенскай дыяцэзіі ксяндза каноніка Уладзіміра Гуляя.

Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, прымаючы ліст з рук лідскага верніка, паабяцаў абавязкова перадаць яго Папу Францішку. Цяпер вернікі парафіі Божай Міласэрнасці будуць маліцца аб тым, каб іх пажаданні здзейсніліся, на ружанцы ад Папы Францішка, які перадаў пробашчу парафіі прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне.

Абноўлена 17.04.2023 15:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця