Пошук

10.04.2023 11:55   Фота: Эвеліна Буцько / Catholic.by

Велікоднай раніцай 9 красавіка ў парафіі Узвышэння святога Крыжа ў Лідзе — адной з найбольшых каталіцкіх супольнасцяў у Беларусі — літургічныя абрады нядзелі Змёртвыхпаўстання ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На чале з заслужаным іерархам, які па запрашэнні пробашча фарнай парафіі ксяндза каноніка Уладзіміра Гуляя, Біскупскага вікарыя для Лідскага рэгіёна Гродзенскай дыяцэзіі, правёў тут увесь святы Пасхальны Трыдуум, вернікі ў традыцыйнай Рэзурэкцыйнай працэсіі тройчы абышлі вакол святыні з Найсвяцейшым Сакрамэнтам і фігурай Уваскрослага.

У прамоўленай на ранішняй Імшы гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на праўдзе пустой грабніцы Езуса, «якая прамаўляе, і голас якой чуваць, нягледзячы на секулярныя тэндэнцыі сучаснасці».

«Штодзённа тысячы пілігрымаў спяшаюць да пустой магілы Езуса, каб адысці ад яе з умацаванай верай у Яго Уваскрасенне. Выразам гэтай веры з’яўляецца Рэзурэкцыйная працэсія», — зазначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён дадаў, што, як апосталы абвяшчалі праўду пра Уваскрасенне Хрыста, «мы таксама пакліканыя кожны дзень сведчыць пра яе, каб паказаць свету новае, вечнае вымярэнне нашага існавання, новую перспектыву, якая сягае па-за межы смяротнасці».

«Быць хрысціянінам азначае верыць, што Хрыстус уваскрос, і несці людзям радасць велікоднай раніцы, абуджаць надзею там, дзе яна згасла. Гэта вельмі важна ў наш час, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бог не існуе, і іх вера становіцца плыткай. Хрысціянскае сведчанне — гэта найбольш пераканаўчае Евангелле, якое вядзе да духоўнага ўваскрашэння з магілы граху», — падкрэсліў заслужаны іерарх.

Нагадаўшы словы Хрыста, які кажа: «Я ўваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, нават калі і памрэ, будзе жыць», — арцыбіскуп Кандрусевіч прапанаваў прысутным адказаць на пытанне: «Ці мы верым у гэта?

Ці, можа, толькі захоўваем традыцыю, калі святкаванне Змёртвыхпаўстання зводзіцца да асвячэння пасхальнай ежы? Між тым Хрыстус жыве ў сваім Касцёле і дзейнічае ў свеце. Праз праўду Уваскрасення Ён змяняе свет», — сцвердзіў арцыпастыр, заклікаўшы па прыкладу апостала Яна «убачыць і паверыць».

«Ці мы так робім? На жаль, далёка не заўсёды. Праблема ў тым, што мы часта імкнемся менш бачыць і чуць, бо праўда Змёртвыхпаўсання невыгодная: яна шмат патрабуе і заклікае змяніць жыццё», — заўважыў арцыбіскуп эмэрыт.

«Пасха толькі тады будзе мець значэнне, калі мы будзем штодня ўваскрасаць з магілы нашых грахоў і змяняцца. Нам патрэбны пасхальны дынамізм, бо інакш Вялікдзень пройдзе, як праходзіць шмат іншых падзей, і мы забудземсяся пра яго», — з моцай падкрэсліў заслужаны іерарх.

Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў пажаданнем: «Няхай нашае жыццё будзе пацвярджэннем нашай веры: „Пане, я цвёрда веру, што Ты — Месія, Бог Жывы, Пан Жыцця, Пераможца смерці, пекла і злога духа, Духам якога хачу жыць, каб самому змяняцца і змяняць свет на лепшы“».

Абноўлена 10.04.2023 11:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця