Пошук

07.04.2023 10:59   Фота: Настасся Муціловіч / Catholic.by

Увечары 6 красавіка, у Вялікі чацвер, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы Вячэры Пана ў парафіі Узвышэння святога Крыжа ў Лідзе (Гродзенская дыяцэзія).

Менавіта з успаміну ўстанаўлення на Апошняй Вячэры сакрамэнту Эўхарыстыі распачынаецца святы Пасхальны Трыдуум — тры дні, на працягу якіх Касцёл перажывае Пасхальную таямніцу мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста.

Парафія Узвышэння святога Крыжа ў Лідзе з’яўляецца адной з найбольш шматлікіх парафіяльных супольнасцяў у нашай краіне. Па запрашэнні яе пробашча, Біскупскага вікарыя для Лідскага рэгіёна Гродзенскай дыяцэзіі ксяндза каноніка Уладзіміра Гуляя арцыбіскуп Кандрусевіч правядзе Пасхальны Трыдуум разам з тутэйшымі вернікамі.

У прамоўленай падчас Імшы Вячэры Пана гаміліі заслужаны іерарх звярнуў увагу на тое, што яна «нагадвае пра падзеі, якія адбыліся ў Вячэрніку дваццаць стагоддзяў таму».

«Падчас Апошняй Вячэры Езус устанавіў Эўхарыстыю, у якой Ён з’яўляецца адначасова святаром і ахвярай, каб раз і назаўсёды ахвяраваць сябе дзеля збаўлення свету. Разам з Эўхарыстыяй Езус таксама ўстанавіў сакрамэнт святарства, каб успамін Яго мукі і смерці заставаўся да канца часоў», — зазначыў арцыбіскуп эмэрыт, дадаўшы, што «Езус таксама абмыў ногі сваім вучням, каб даць прыклад пакорнага служэння апосталам і ўсім нам».

«У сучасным свеце адчуваецца недахоп духа служэння. Усе імкнуцца валадарыць. Таму прыклад Езуса з’яўляецца актуальным і ў наш час», — падкрэсліў арцыпастыр.

Ён заўважыў, што ўспамін Апошняй Вячэры Езуса з Ягонымі вучнямі «заклікае да ўдзелу ў Эўхарыстыі як сакрамэнце любові і хлебе вечнага жыцця», а таксама да малітвы аб пакліканнях да святарства.

Удзел у Эўхарыстыі, паводле заслужанага іерарха, «адраджае дух міласэрнага служэння іншым, што з’яўляецца „лакмусавай паперкай“ нашага хрысціянства, якое павінна быць жывым і прывабным, а гэта магчыма праз любоў да бліжняга і справы міласэрнасці».

«Бязмежная любоў Бога да грэшнага чалавека, апагей якой праявіўся ў Крыжовай смерці Езуса, збавіла чалавека. Таму мы павінны стаць яе носьбітамі, каб, умацаваныя Эўхарыстыяй, маглі будаваць цывілізацыю жыцця, супакою і любові», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 07.04.2023 11:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця