Пошук

05.04.2023 11:00   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Вольга Сяліцкая / Grodnensis.by

4 красавіка ў Гродне з нагоды набліжэння ўрачыстасці Уваскрасення Пана адбыўся абед для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, традыцыйны ўжо перадсвяточны абед прыгатавалі сёстры з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) разам з валанцёрамі пры падтрымцы Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Гродзенскай дыяцэзіі.

Пасілак благаславіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Сёлета ў сустрэчы ўдзельнічала каля 200 чалавек.

Час і радасць пры супольным стале падзялілі з беднымі віцэ-канцлер Гродзенскай курыі ксёндз канонік Антоній Грэмза і прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Юрый Марціновіч.

Прысутныя ўсе разам прамовілі малітву, якой навучыў Езус Хрыстус. У ёй яны прасілі Бога найперш аб удзяленні кожнаму з іх неабходных ласкаў.

Ксёндз Юрый Марціновіч патлумачыў значэнне Вялікага тыдня. Святар падкрэсліў, што для хрысціянаў гэта павінен быць найважнейшы ў годзе час, бо з Пальмовай нядзелі да нядзелі Уваскрасення Касцёл узгадвае самыя важныя падзеі гісторыі збаўлення: устанаўленне Эўхарыстыі, Муку і Смерць Хрыста і, нарэшце, Яго Уваскрасенне.

Біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што пасля Вялікай пятніцы прыйдзе ранак Уваскрасення, у сувязі з чым дадаў, што любоў мацнейшая за нянавісць, а дабро заўсёды перамагае зло.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў удзельнікам сустрэчы перш за ўсё хрысціянскай надзеі на лепшае заўтра, пажадаў глядзець у будучыню з надзеяй, а таксама адкрыцца на дар Хрыстовага Уваскрасення, якое прыносіць чалавеку радасць і мір.

На тварах сабраных сапраўды было відаць радасць.

Яны цешыліся, як дзеці, атрымліваючы з рук сясцёр назарэтанак велікодныя яйкі.

Вельмі шмат словаў удзячнасці з вуснаў бедных прагучала ў адрас законніц і валанцёраў, якія гатуюць для іх цёплыя пасілкі не толькі на святы, але і на працягу ўсяго года.

 

Абноўлена 05.04.2023 11:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа