Пошук


26 сакавіка, у пятую нядзелю Вялікага посту, у Баранавічах (Пінская дыяцэзія) на цэнтральных вуліцах горада адбылося набажэнства Крыжовага шляху.

А 14-й гадзіне вернікі з розных баранавіцкіх парафій сабраліся каля старадаўняга драўлянага касцёла Узвышэння Святога Крыжа. Тут у гэтыя дні акурат праходзілі велікапосныя рэкалекцыі, якія для парафіянаў правёў айцец Сяргей Трысцень, кармэліт босы з Мінска.

Ад найстарэйшай у горадзе каталіцкай святыні сотні вернікаў прайшлі па вуліцах цэнтральнай часткі горада, разважаючы над прыпынкамі Крыжовага шляху.

Падчас набажэнства мужчыны, па чарзе змяняючыся, неслі на плячах вялікі цяжкі крыж — знак збаўчай мукі і смерці Езуса Хрыста.

На кожным прыпынку крыж уздымалі пад шчымлівы барабанны бой, ад якога сціскаліся сэрцы на ўспамін пра тое, што давялося выцерпець Збаўцы і Яго Найсвяцейшай Маці падчас дарогі на Галготу, укрыжавання і пакутлівай смерці на крыжы.

Разважанні, якія па чарзе чыталі прысутныя святары і сёстры законныя, суправаджаліся малітвамі ў розных інтэнцыях: за Касцёл, за бацькаўшчыну, за розныя групы людзей.

Завяршылася агульнагарадское набажэнства Крыжовага шляху ў гадзіну Божай Міласэрнасці — у той час, калі Езус на крыжы аддаў дух у рукі Айца, і з Яго прабітага дзідай жаўнера боку праліліся Кроў і Вада як крыніца міласэрнасці для грэшнага свету.

    
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця