Пошук

28.02.2023 09:40   Catholic.by

Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 28 лютага на 49-м годзе жыцця і 24-м годзе святарскага служэння адышоў па вечную ўзнагароду да Пана ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў мястэчку Ракаў і дэкан Валожынскага дэканата.

Нарадзіўся 23 кастрычніка 1974 года ў Глыбокім, выхоўваўся ў каталіцкай сям’і, дзе было пяцёра братоў. Яго родны брат — ксёндз канонік Аляксандр Барыла, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, дэкан Вілейскі.

Фармацыю да святарства прайшоў у Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, скончыў факультэт кананічнага права ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча), атрымаўшы ступень ліцэнцыята.

Ксёндз Дзмітрый Барыла практычна ўсё сваё святарскае жыццё быў душпастырам ракаўскай парафіі.

Пешая пілігрымка з Ракава пад яго кіраўніцтвам традыцыйна першая ўваходзіла ў Будслаў на фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай.

Спецыяліст у галіне кананічнага права, ксёндз Дзмітрый выкладаў гэтую дысцыпліну ў духоўнай семінарыі і на працягу многіх гадоў быў таксама афіцыялам Міждыяцэзіяльнага Трыбунала (касцёльнага суда) ў Мінску. Прычыніўся да стварэння Мінскага тэалагічнага каледжа святога Яна Хрысціцеля, у якім быў выкладчыкам.

З моманту стварэння Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай быў у ім грэміяльным канонікам.

Даручаем спачылага святара Божай Міласэрнасці.

Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Абноўлена 28.02.2023 16:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця