Пошук

24.02.2023 12:59   Catholic.by

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

ВЯЛІКІ ПОСТ — ШЛЯХ ПОСТУ, МАЛІТВЫ І МІЛАСЦІНЫ

Пастырскае пасланне на Вялікі пост 2023 года

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

На гэтым тыдні 22 лютага ў Папяльцовую сераду мы распачалі новы літургічны перыяд — Вялікі пост, які з’яўляецца нашай падрыхтоўкай да ўрачыстасці Вялікадня. Кожны пачатак новага перыяду з’яўляецца часам вялікіх надзей на тое, што ён прынясе нам новыя перспектывы і магчымасці. Гледзячы ў будучыню, мы азіраемся ў мінулае, чэрпаючы натхненне і мудрасць з вопыту нашых папярэднікаў.

Каталіцкі Касцёл рэалізоўваў сваю місію ў Беларусі на працягу доўгіх стагоддзяў, перажыў багатую і драматычную гісторыю, несучы святло Евангелля жыхарам нашай краіны. Аб гэтым сведчаць гадавіны і юбілеі, якія ў гэтым годзе мы будзем адзначаць у нашай архідыяцэзіі: 240-годдзе заснавання Магілёўскай архідыяцэзіі, 225-годдзе заснавання Мінскай дыяцэзіі і 25-годзе каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі.

Усё гэта сёння магчыма дзякуючы веры нашых продкаў, якія, па словах святога Яна Паўла ІІ, зразумелі, «што свет прыгожы ў сваёй разнастайнасці».

У сённяшнім евангельскім урыўку мы чуем апісанне таго, як Езус пасля хросту ў рацэ Ярдан выходзіць у пустыню, дзе д’ябал выпрабоўваў Яго. У водах Ярдана Хрыстус бярэ на сябе людскія грахі, а падчас спакушэння ў пустыні Ён сутыкаецца з тым, як грахоўныя схільнасці і д’ябал спрабуюць адвесці чалавека ад Бога, атакуючы нас, прадстаўляючы зло дабром і наадварот. Нам можа здавацца, што паколькі Езус быў Божым Сынам, Яму было проста супраціўляцца спакусам. Давайце ўзгадаем, што Божы Сын быў адначасова і Богам, і Чалавекам. Чытаючы ўрывак пра спакушэнне Хрыста ў пустыні мы заўважаем, як чалавечая прырода Езуса не паддаецца хітрасці злога духа, і гэта не быў нейкі просты, аўтаматычны выбар для Месіі.

У кнігах Пяцікніжжа мы можам прачытаць, як выбраны народ Старога Запавету сутыкаецца з падобнымі выпрабаваннямі, як і Езус у пустыні. Такія выпрабаванні дапамагаюць убачыць сапраўдны стан сэрца чалавека, кім ён сапраўды з’яўляецца. Бог так доўга вадзіў габрэяў па пустыні не таму, што ад Егіпта да Ізраэля была вялікая адлегласць, а таму, што Ён хацеў выхаваць з нявольнікаў граху свабодных людзей. Гэтаму ж самаму служыць Вялікі пост, які мы цяпер распачынаем. Пост — гэта наш шлях у духоўнай пустыні, падчас якога нічога не павінна перашкодзіць убачыць нам, кім мы па-сапраўднаму з’яўляемся. Падчас гэтага шляху мы не можам засланіцца сваім высокім сацыяльным статусам, матэрыяльным дабрабытам, асаблівымі здольнасцямі і гэтак далей.

У гэтым духоўным падарожжы нам варта памятаць і народную мудрасць: «не мяняй Таго з кім вырушыў у падарожжа, на таго (або тое) што можаш сустрэць на гэтым шляху. Бо інакш страціш Спадарожніка і мэту свайго вандравання».

Браты і сёстры! Айцы Касцёла выказваліся, што магчымасць выйсці ў пустыню Вялікага посту з’яўляецца вялікім прывілеем. Гэты час цішыні і рэфлексіі паказвае нам, якія грахоўныя схільнасці мы маем, у якіх сферах нашага жыцця мы маем грахоўныя залежнасці. Падчас Вялікага посту мы гаворым «не» спакусам д’ябла працягваць грашыць, а замест гэтага давяраем нашаму Нябеснаму Айцу, як Езус у пустыні. Словы Езуса могуць быць нашым дэвізам сёлетняга Вялікага посту: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4, 4). Пост з духоўнага пункту гледжання сімвалізуе нашую залежнасць ад Бога. Захаванне посту сведчыць аб тым, што мы сапраўды стараемся ставіць Бога на першае месца ў нашым жыцці. Біблія кажа нам, што пост ад ежы павінен спалучацца з постам ад гвалту і постам ад прыгнёту людзей (Іс 58, 3–12). Іншымі словамі, калі мы ўстрымліваемся ад ежы, то гэта павінна суправаджацца любоўю і прабачэннем іншых.

Мае дарагія, з першых стагоддзяў пасля нараджэння Хрыста Касцёл прапаноўваў нам рэалізоўваць тры рэчы падчас Вялікага посту: малітву, пост і міласціну. У Вялікім посце Касцёл прапануе нам розныя індывідуальныя і сумесныя малітоўныя практыкі. Айцы Касцёла казалі: «Калі мы не молімся, мы не хрысціяне ў поўнай меры; мы толькі ходзім, калі можам лётаць». Папа Францішак сёння скажа: «мы называемся сапраўднымі хрыціянамі не тады, калі любім бліжняга, а ў тым выпадку, калі мы прабачаем нашым ворагам». Што ў сваю чаргу заўважылі нашыя продкі ў жыццёвай мудрасці: «Калі ты адчуваеш боль, ты жывы, а калі ты адчуваеш боль іншага, ты чалавек».

Браты і сёстры, асаблівым чынам ў Вялікім посце варта заўважыць у сваім асяроддзі людзей, якія патрабуюць міласціны.

Любоў да бедных павінна быць адметнай рысай хрысціянаў. Міласціна не заключаецца ў тым, каб даць некалькі капеек невядомаму чалавеку на вуліцы. Мы пакліканы клапаціцца пра патрабуючы з любоўю і руплівасцю. Цяжка ўявіць такога чалавека, які не меў бы чым падзяліцца, бо беднасць можа быць не толькі матэрыяльная, але і духоўная, эмацыянальная ці інтэлектуальная.

Пастырскі 2023 год у Касцёле ў нашай краіне праходзіць пад дэвізам: «Апостальства свецкіх — знак надзеі для Касцёла ў Беларусі». Заахвочваю духавенства, але ў першую чаргу свецкіх вернікаў, рэалізоўваць гэты дэвіз не толькі ў Вялікім посце, але і на працягу ўсяго года так, каб ён не быў пустым лозунгам. Бо, як сказаў папа Францішак, «вернікі не з’яўляюцца госцямі ў Касцёле, гэта іх дом». І мы гэта можа учыніць праз удзел у Вялікай навэнне падрыхтоўкі да 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай, збіраючыся кожную першую суботу месяца ў Будслаўскай базіліцы. Заахвочваю дзяцей і моладзь удзельнічаць у конкурсе малюнкаў і паэзіі «Марыя ў маім сэрцы», умовы якога змешчаны на партале Сatholic.by.

Любыя браты і сёстры, важна памятаць, што Касцёл — гэта не толькі духавенства.

Кожны з нас запрошаны да адказнасці за сябе, сваю сям’ю, сваю парафію і гэтак далей. Таму Дзякую вам, свецкім вернікам, за клопат пра перадачу веры іншым, за сведчанне веры ва ўласным асяроддзі і за вернасць Касцёлу, за крэатыўную дапамогу сваім душпастырам.

Браты і сёстры! У пустыню Вялікага посту мы выходзім для таго, каб упарадкаваць сваё духоўнае жыццё і яшчэ больш плённа служыць нашым братам і сёстрам. Слова, час і магчымасць не паўтараюцца. Таму трэба выбіраць словы, якімі мы напаўняем нашае асяроддзе: нам нельга марнаваць дадзены Богам час і нельга змарнаваць магчымасць быць бліжэй да Бога і да чалавека ў патрэбе.

Агонь гарыць і затухае, але часта пад пластом попелу агонь тлее доўгія дні. Дастаткова рассыпаць попел і дзьмухнуць у вугольчыкі, каб агонь разгарэўся прыгожым полымем. Так і з чалавечым сэрцам.

Яно гарыць агнём руплівасці, але тысячы спраў, бед, турбот — гэта попел, які пакрывае нашыя сэрцы, і таму Вялікі пост — добры час, каб змахнуць попел з сэрца, раздзьмуць вуголле, каб зноў распаліць сэрца верай, надзеяй і любоўю.

Давяраючы ўсіх нас заступніцтву Багародзіцы Марыі, Апякункі Беларусі ў Будслаўскай святыні, на сёлетні шлях Вялікага посту ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 11 лютага 2023 г., успамін Маці Божай з Люрда

P.S. Гэтае Пасланне душпастырам належыць абвесціць вернікам у Першую нядзелю Вялікага посту 26 лютага 2023 года і размясціць на парафіяльных дошках аб’яў ці інтэрнэт-старонках.

Абноўлена 24.02.2023 13:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця