Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч
ПАСТЫРСКІ ЛІСТ НА ВЯЛІКІ ПОСТ 2023 ГОДА
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
Час Вялікага посту, які мы распачалі ў Папяльцовую сераду, з’яўляецца духоўным шляхам у Ерузалем, каб удзельнічаць у найважнейшых падзеях нашай веры: у Муцы, Смерці і Уваскрасенні нашага Пана Езуса Хрыста. На працягу бліжэйшых 40-а дзён мы будзем адчуваць сваю мізэрнасць і нязначнасць, сцішваць свой розум і сэрца, весці барацьбу з разнастайнымі спакусамі, перамагаць уласны эгаізм і пыху. Гэта час выпраўлення зла, але перш, чым вакол сябе, спачатку ва ўласным сэрцы.
У гэты святы час «ласкі і збаўлення» мы павінны сілкавацца «словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Mц 4, 4), адхіляць усё, што з’яўляецца не пасілкам Бога, а толькі каменем. Будзем у чарговы раз старацца, каб кожны распачаты дзень быў нашым адданнем Богу на служэнне для Яго.
Вялікі пост — гэта нагода для нас прыняць запрашэнне, што паходзіць з сэрца Бога, які з раскрытымі абдымкамі і поўнымі суму вачыма просіць нас: «Навярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам» (Ёэл 2, 12). Навяртанне — гэта літаральна «перамяненне мыслення». Навяртанне сэрца — не што іншае, як пераасэнсаванне па-новаму сваіх паводзінаў. Вяртанне да Бога не наступіць без позірку ў сэрца. Таму што Бог «выбраў дом свой у нашых сэрцах», як гэта выражае адзін з гімнаў брэвіярыя. Сэрца чалавека — гэта дом Бога! У сэрцы прабывае Езус! Гэта святыня Духа Святога! Таму настолькі важны клопат пра гэты дом.
Няма Вялікага посту, няма прыгажосці Вялікай ночы і няма сапраўднага ўваскрасення чалавека разам з Езусам, калі сэрца не адкрыецца на Бога. Нашыя сэрцы прыгожыя, але трэба іх пастаянна даглядаць і аднаўляць. Езус наўпрост кажа, што «вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца» (Mц 12, 34), і што «з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужалоства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы» (Mц 15, 19). Сэрца, як сцвярджае прарок Ерамія, можа быць «хітрэйшым за ўсё іншае і невылечным» (Ер 17, 9).
Сам чалавек не можа спасцігнуць сваё сэрца. Ён не заўсёды можа самастойна зразумець тое, што там адбываецца. А гэта важна, бо менавіта сэрца кіруе нашым жыццём. Таму тут патрэбна дапамога з вышыняў. «Ты, Пане, ведаеш сэрцы ўсіх» (Дз 1, 24), — чытаем у Дзеях Апосталаў. Езус Хрыстус — найлепшы Праваднік па чалавечым сэрцы і Лекар, які лечыць яго глыбіні. Позірк Езуса мае вялікую моц. Яго позірк аздараўляе. Умацоўвае волю і ўздымае са слабасці. Менавіта для гэтага патрэбны велікапосныя рэкалекцыі; менавіта для гэтага падкрэсліваецца важнасць большай цішыні і засяроджанасці; менавіта для гэтага акцэнтаванне малітвы асабістай або супольнай у час набажэнстваў Крыжовага шляху і Песень жальбы.
Хто будзе так перажываць Вялікі пост, прынясе сабе вялікае духоўнае дабро, а Небу — радасць.
Умілаваныя браты і сёстры! Пан Бог даў нам дастаткова вялікія сэрцы, каб змясціць у іх увесь свет. Часта мы не знаходзім у іх месца для мужа ці жонкі, для бацькоў, дзядуляў і бабуляў, а нашыя суседзі, супрацоўнікі не могуць прабіцца нават у «прыхожую». Таму яшчэ адна важная рэч у Вялікі пост — адкрыцца на патрэбы іншага чалавека. Асабліва ў сённяшнія часы, якія не належаць да лёгкіх, існуе вялікая патрэба адкрыцца на братоў і сясцёр. У жыцці ў нас заўсёды будзе шмат чаго рабіць і шмат нагодаў даваць, але зараз надышоў час, каб стаць здольнымі да міласэрнасці адносна чалавека, які пакутуе.
Назіраючы за тым, што адбываецца вакол нас, можна лёгка заўважыць, што вельмі часта сучасныя людзі канцэнтруюцца толькі на зямным этапе існавання, становяцца нячулымі да патрэбаў іншых — патрэбаў фізічных, духоўных і маральных. Мы забываемся аб тым, што кожны чалавек з’яўляецца дарам, — ці гэта хтосьці блізкі нам, ці незнаёмы бядак. Вялікі пост — час, спрыяльны для таго, каб адчыніць дзверы кожнаму, хто знаходзіцца ў патрэбе, і распазнаць у ім аблічча Хрыста. Кожны з нас сустракае такіх людзей на сваім шляху. Кожнае жыццё, якое мы сустракаем, з’яўляецца дарам і заслугоўвае прыняцця, павагі і любові.
Звычайная дабрыня, цеплыня, слова, якое падбадзёрвае, ці малітва могуць стаць цудоўным дарам для бліжняга, бо Езус сказаў: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Mц 25, 40).
Часта больш важна, чым дары матэрыяльныя, даць іншаму свой час, прысвяціць яму хвіліну ўвагі, паглядзець у вочы, выцерці слёзы, узняць яго дух. Наша велікапосная міласціна можа быць менавіта ахвяраваннем часу, а нашыя штодзённыя справы і праблемы не могуць зрабіць нашыя сэрцы глухімі да просьбаў людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе.
Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі! У гэты перыяд Вялікага посту нам варта пасля клопатаў кожнага дня не гасіць святло ў пакоі без таго, каб стаць у Божым святле. Памаліўшыся хвіліну перад тым, як заснуць, дадзім Пану магчымасць здзівіць нас і абудзіць нашыя спячыя сэрцы. Углядаючыся ва Укрыжаванага, захопімся вялікай любоўю Бога, якая ніколі ад нас не стамляецца і мае моц перамяняць нашы дні, надаваць ім новы сэнс.
Няхай Езус стане цэнтрам нашага штодзённага жыцця, каб мы, падтрыманыя Божымі дарамі, асабліва дарам міласэрнасці ў сакрамэнтальнай споведзі, умелі заўсёды заўважаць чалавека, які побач з намі. Няхай Маці Божая Балесная, якая з верай ішла за сваім Сынам ажно на Кальварыю, дапамагае нам захоўваць сэрцы абуджанымі, каб мы, прымаючы гэты час ласкі, які дае нам Бог, здолелі дасягнуць радасці Уваскрасення.
На святыя дні пакаяння, малітвы і ўчынкаў міласэрнасці для перамянення нашых сэрцаў, нашых сем’яў і парафіяльных супольнасцяў, а таксама ўсёй нашай дыяцэзіі, прыміце дар Божага благаслаўлення ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 20 лютага 2023 г.
Пастырскі ліст належыць прачытаць у Першую нядзелю Вялікага посту, 26 лютага 2023 г., падчас усіх святых Імшаў.