Пошук

23.02.2023 18:53   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

23 лютага ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Пастырская сустрэча ў чацвер пасля Папяльца, на самым пачатку Вялікага посту, стала першай падобнай сустрэчай, на якой разам сабраліся святары і сёстры з Мінскага і Магілёўскага рэгіёнаў на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім. У ёй узялі ўдзел таксама абодва Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі: біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

Пасля супольнай малітвы Літургіі гадзінаў да сабраных у мінскай архікатэдры прамовіў аскетычную канферэнцыю духоўны айцец святароў Магілёўскага рэгіёна ксёндз канонік Андрэй Далянскі, пробашч самай усходняй каталіцкай супольнасці ў Беларусі — парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Касцюковічах.

Сваё настаўленне святар прысвяціў тэме, выбранай для сёлетняга душпастрыскага года ў Касцёле ў нашай краіне: «Апостальства свецкіх — знак надзеі для Касцёла ў Беларусі».

Між іншым, ксёндз Андрэй адзначыў неабходнасць праяўляць больш павагі да ролі свецкіх у жыцці парафіяльных супольнасцяў, а часам і выслухоўваць іх абгрунтаваныя і канструктыўныя крытычныя заўвагі.

Гэтую ж тэму працягнуў у прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі арцыбіскуп Станеўскі, нагадаўшы прысутным словы Папы Францішка пра тое, што свецкіх людзей не трэба запрашаць у касцёл, бо гэта іх дом, у якім яны такія ж гаспадары, як і духоўныя асобы. Арцыпастыр заклікаў святароў быць больш уважлівымі, чулымі і адкрытымі ў адносінах да свецкіх вернікаў, да якіх праз уладу Касцёла іх пасылае сам Хрыстус.

Пасля Эўхарыстыі, якую канцэлебравалі ўсе прысутныя святары, адбылася арганізацыйная частка пастырскай сустрэчы, на якой былі абмеркаваныя планы далейшай дзейнасці Мінска-Магілёўскага Касцёла.

Перадусім была адзначана новая душпастрыская ініцыятыва правядзення стацыйных набажэнстваў Песень жальбы ў розных парафіях сталіцы на працягу Вялікага посту.

Акрамя таго, арцыпастыр звярнуў увагу на недапушчальнасць дадавання падчас святой Імшы малітваў, не прадугледжаных імшальным фармулярам. Хоць супольнае прамаўленне ў касцёлах такіх малітваў, як малітвы Папы Льва ХІІІ да святога арханёла Міхала і малітвы за Бацькаўшчыну паводле Папы Яна Паўла ІІ, з’яўляецца добрай традыцыяй, якую варта падтрымліваць, аднак яны павінны прамаўляцца ўжо пасля благаслаўлення на заканчэнне святой Імшы.

Арцыбіскуп паведаміў, што сваім Дэкрэтам ад 21 лютага зацвердзіў «Статут ксяндзоў дэканаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі».

Іерарх падкрэсліў, што яго мэта — канкрэтызаваць ролю дэканаў дзеля ўзмацнення калегіяльнасці ў кіравання мясцовым Касцёлам, як гэта прадугледжана Кодэксам кананічнага права. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі дадаў, што сёлета ва ўсіх дэканатах архідыяцэзіі павінны прайсці дэканскія візітацыі, якія стануць падрыхтоўкай да біскупскіх візітацый парафій, запланаваных у наступным годзе.

Абноўлена 24.02.2023 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця