Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка
ПАСТЫРСКІ ЛІСТ НА ВЯЛІКІ ПОСТ 2023 ГОДА
ДА ВЕРНІКАЎ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
«Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя <…> і знойдзеце спакой для сваіх душаў»
(Mц 11, 28–29).
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
З ласкі Божай распачынаем благаслаўлёны перыяд Вялікага посту як час пакаяння, навяртання, ачышчэння і падрыхтоўкі да паглыблення досведу найвялікшай таямніцы нашай веры: Мукі, смерці і Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста. Жадаем разглядаць гэты 40-дзённы пост у шырэйшым вымярэнні. Хочам перажываць яго ў кантэксце вялікага трыдуума Касцёла ў нашым рэгіёне — трохгадовай падрыхтоўкі да юбілею стагоддзя ад заснавання Пінскай дыяцэзіі. На працягу трох гадоў прыглядаемся да розных аспектаў нашага жыцця праз прызму трох найважнейшых хрысціянскіх цнотаў: веры, надзеі і любові (гл. ККК 1812–1829).
Сёлета мы перажываем ужо другі год падрыхтоўкі да юбілею дыяцэзіі. Адзначаем яго як Год Надзеі.
Уся наша надзея ў Пану Богу. Кніга Псальмаў заахвочвае нас да такой даверлівай надзеі: «Спадзявайся на Пана і чыні дабро, <…> давер Пану шлях свой і спадзявайся на Яго: Ён Сам будзе дзейнічаць і ўчыніць, што твая справядлівасць заяснее як святло, а слушнасць твая — як поўдзень» (Пс 37 (36), 3. 5–6). У перыяд Вялікага посту жадаем асабліва вучыцца такому даверу разважаючы над таямніца Крыжа Езуса Хрыста. Гэта Божы Сын узяў на cябе ўсе нашыя цярпенні і склаў найдасканалейшую Ахвяру са свайго жыцця (гл. Гбр 10, 12–14; Iс 53, 12).
Адаруючы таямніцу Хрыста Укрыжаванага спяваем у часе Вялікага посту традыцыйны заклік: «Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі».
У спасціганні таямніцы нашага Адкуплення нам дапамагаюць таксама велікапосныя спевы і набажэнствы, якія ўводзяць нас у духоўнае разуменне цярпенняў і Ахвяры Збавіцеля. Перадусім гэта такія набажэнствы, як Крыжовы шлях, Песні жальбы, Гадзінкі пра Муку Пана і іншыя. Нашыя традыцыйныя спевы, такія як «Святы Крыжу, наймілейшы», а таксама іншыя пабожныя песні няхай стануцца нашай малітвай, падтрымліваюць нас на шляху навяртання і праслаўлення Пана Бога. Да такога асабістага перажывання таямніцы Укрыжаванага Хрыста заавочвае нас класік літаратуры Адам Міцкевіч, які напісаў знакамітыя словы: «Таго Крыж Езуса не збавіць, хто ў сваім сэрцы Крыжа не паставіць».
Вялікі пост — гэта час асаблівай малітвы і працы над сабою (гл. KKK 1434, 1438).
Гэтую духоўную актыўнасць успамагаюць знешнія посныя практыкі: устрыманне ад гулянняў, абмежаванні ў ежы, асабліва ў спажыванні мясных страваў. Важна, каб сярод шматлікіх духоўных практык, удзелу ў велікапосных набажэнствах і знешняй аскезе мы не забыліся пра мэту ўсяго гэтага: паяднанне з Панам Богам (гл. Ёэл 2, 12–14; Oс 6, 6). Таму на пачатку Вялікага посту асабліва важна ўсвядоміць сабе інтэнцыю: над чым і як жадаю працаваць у гэты перыяд, якія мэты хачу дасягнуць, каб маё навяртанне было шчырым, дзейсным, прывяло мяне да яшчэ глыбейшага паяднання з Хрыстом і адкрыла на дапамогу бліжнім. Можа нам таксама спадарожнічаць інтэнцыя перапрашэння Бога за нашыя грахі, за занядбанні, за недахоп любові да Яго і да бліжніх. Разглядаем нашае жыццё пра прызму трох сфер актыўнасці: думак, словаў і ўчынкаў. Мы жывем у часы, калі нам неабходна звяртаць увагу таксама на нашую актыўнасць у інтэрнэце, сацыяльных сетках, на карыстанне са смартфонаў і іншых сродкаў камунікацыі. Наколькі мы з’яўляемся хрысціянамі заўсёды і ўсюды, а над чым нам неабходна яшчэ папрацаваць, асабліва ў час Вялікага посту?
Перажываючы Год Надзеі ў Пінскай дыяцэзіі, прагнем духоўна ўмацоўвацца праз заступніцтва святых і благаслаўлёных нашага мясцовага Касцёла, а таксама чэрпаем са скрабніцы жыццёвага і духоўнага досведу тых, хто жыў і працаваў сярод нас і пакінуў нам прыгожы прыклад хрысціянскага жыцця (гл. KKK 956–957). Перадусім, гэта вялікі апякун нашай дыяцэзіі — святы Андрэй Баболя, Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, першы біскуп Пінскі, сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк, а таксама шматлікія іншыя духоўныя, кансэкраваныя і свецкія вернікі, якія далі прыгожае і гераічнае сведчанне нязломнай веры, непахіснай надзеі і гарачай любові да Бога і бліжняга, нягледзячы на нясенне цяжкага крыжа свайго часу.
Перыяд Вялікага посту — гэта час, калі мы пакліканыя да паглыблення лучнасці з Панам Богам у святых сакрамэнтах.
Бог, бясконцы ў сваёй міласэрнасці, дае нам велізарныя магчымасці ачышчэння і асвячэння. Асабліва дапамагае нам у гэтым частае, але годнае карыстанне са святога сакрамэнту пакаяння і паяднання ў споведзі, а таксама сакрамэнту Эўхарыстыі, калі мы пабожна і актыўна ўдзельнічаем у святой Імшы, з чыстым сэрцам прыступаем да святой Камуніі. Дбаючы пра асабістае сакрамэнтальнае жыццё, не забывайма ў час Вялікага посту пра асоб, якія занядбалі ў сваім жыцці споведзь, святую Камунію, жывуць у несакрамэнтальных сужэнствах без касцёльнага шлюбу. Падтрымайма іх на збавенным шляху пошуку паяднання з Богам.
Святы Айцец Францішак так тлумачыць дзеянне таямніцы Божай міласэрнасці ў жыцці чалавека: «Кожны з нас, калі глядзіць на сваё жыццё добрым позіркам Бога, можа, узгадваючы ў памяці, адкрыць, як Пан Бог аказваў нам міласэрнасць, як быў намнога больш міласэрны, чым мы думалі, і тады набярэмся адвагі прасіць Яго, каб дапамог зрабіць яшчэ адзін малы крок, каб Ён аказаў яшчэ большую міласэрнасць у будучыні» (Папа Францішак, гамілія на св. Імшы Хрызма, 24 сакавіка 2016 г.). Святы Айцец заахвочвае нас да адважнай адкрытасці на дар Божай любові і прабачэння.
Вялікі пост — гэта асаблівая магчымасць ажыўлення нашай веры з дапамогай учынкаў міласэрнасці.
Святое Пісанне нагадвае нам, што вера без учынкаў мёртвая (гл. Як 2, 14–18). Таму заахвочваю вас, браты і сёстры: не забывайма пра бедных, занядбаных духоўна і матэрыяльна, тых, хто не мае сіл для нясення цяжкага крыжа цярпенняў. Будзьма для іх святлом, дапамогай, шляхам да спаткання з Богам, які ёсць Любоўю і Міласэрнасцю (гл. Мц 25, 31–45). Звяртайма ўвагу таксама на нашыя сем’і, на сваю парафію, на асяроддзе жыцця і працы. Хрыстус напэўна пакажа нам шматлікія магчымасці пацвярджэння сваёй веры канкрэтнымі ўчынкамі хрысціянскай любові да бліжняга. Да гэтага таксама заахвочвае нас Святы Айцец Францішак, у лучнасці з якім мы перажываем благаслаўлёны час Сіноду цяпер ужо на кантынентальным узроўні. Памятаем, што галоўнай тэмай бягучага пашыранага Сіноду Біскупаў з’яўляецца пошук шляхоў да актывізацыі сінадальнасці ў Касцёле, гэта значыць абуджэння духа адказнасці кожнага хрысціяніна за супольнасць Касцёла (гл. Вадэмэкум Сінода аб сінадальнасці, Рым, 2021 г.).
Будзем жа перажываць гэты Вялікі пост у духу адкрытасці на дары Божай ласкі і будзем узаемна падтрымліваць адно аднаго на шляху паглыблення веры, надзеі і любові. На гэты велікапосны час пакаяння і навяртання ад усяго сэрца благаслаўляю.
✠Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, Папяльцовая Серада, 22 лютага 2023 г.
Святарам Пінскай дыяцэзіі належыць абвясціць гэты Пастырскі ліст вернікам падчас кожнай святой Імшы ў Першую нядзелю Вялікага посту 26 лютага 2023 г., а таксама размясціць яго на дошцы аб’яваў перад касцёлам на ўвесь велікапосны перыяд.