Пошук

01.02.2023 12:54   Тэкст: Таццяна Шумель / Фота: бр. Улад Мінько, Віка Гулецкая, Таццяна Сакалоўская / pio.by

29 студзеня Касцёл адзначае ўспамін благаслаўлёнай Баляславы Марыі Лямэнт, панны.

Сёлета гэты дзень прыпаў на нядзелю, але ў парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, дзе нясуць служэнне сёстры заснаванай благаслаўлёнай Баляславай Кангрэгацыі Місіянерак Святой Сям’і, яго адзначылі асаблівым чынам. Духоўная падрыхтоўка адбывалася падчас 9-дзённай Навэнны, што папярэднічала дню ўспаміну благаслаўлёнай Баляславы. Навэнна завяршылася ў суботу 28 студзеня адмыслова падрыхтаванай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Як адзначаецца на сайце парафіі святога Казіміра ў Маладзечне pio.by, благаслаўлёная Баляслава Лямэнт — апякунка адзінства хрысціянаў — доўгі час працавала на тэрыторыі Беларусі. У кожным, каго сустракала на сваім жыццёвым шляху, яна бачыла Божае дзіця. Законніца не звяртала ўвагі на тое, да якой канфесіі належыць чалавек: усім аказвала патрэбную дапамогу, для ўсіх знаходзіла месца ў сваім сэрцы. Яе праца і малітва на працягу жыцця былі адказам на словы Хрыста: «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21).

Сёстры місіянеркі Святой Сям’і на працягу многіх гадоў нясуць служэнне ў Маладзечне. Цяпер у парафіі святога Казіміра працуюць сястра Бэрнадэта, сястра Аляксандра і сястра Кацярына.

Служэнне сясцёр скіравана на катэхізацыю і ўмацаванне веры не толькі дзяцей і моладзі, але і дарослых, якіх яны рыхтуюць да прыняцця сакрамэнтаў, праводзяць заняткі, сустрэчы, рэкалекцыі і сумесны адпачынак. Акрамя таго, сёстры з любоўю і стараннасцю працуюць у сакрыстыі, робячы ўсё, што ў іх сілах, для больш глыбокага і ўрачыстага перажывання Літургіі, упрыгожваюць касцёл, ладзяць тэатральныя пастаноўкі і святы.

Пасля заканчэння нядзельнай святой Імшы парафіяне шчыра павіншавалі сясцёр са святам, выказалі словы падзякі і пажадалі Божай дапамогі, моцы духу, усмешак, здароўя і душэўнага супакою.

Браты капуцыны, якія нясуць душпастырскае служэнне ў маладзечанскай парафіі святога Казіміра, падаравалі сёстрам кветкі і памаліліся аб святасці не толькі для іх, але і для кожнага з вернікаў.

Павіншавалі місіянерак і іх выхаванцы: яны ахінулі сясцёр сваімі абдымкамі, а гэта лепшы доказ і праява любові.

Абноўлена 01.02.2023 12:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця